Апостальскі візітатар для Меджугор’я: людзі шукаюць духоўнасці
Арцыбіскуп Генрык Хосэр звярнуў увагу на тое, што колькасць вернікаў, якія прыбываюць у Меджугор’е, значна павялічылася пасля дазволу на арганізацыю афіцыйных пілігрымак у гэта месца, які ў маі 2019 г. даў Святы Айцец. Большасць пілігрымаў прыбывае з Італіі, Польшчы і балканскіх краін.
“Вельмі складана патлумачыць, што іх прываблівае. Гэта нешта непазнавальнае. Людзі шукаюць духоўнасці, якую могуць знайсці ў малітве, эўхарыстычнай адарацыі, разважанні над Божым словам, сакрамэнце споведзі менавіта тут, у Меджугор’і”, - падкрэсліў ён.
Іерарх нагадаў, што ў ліпені ў гэтым невялікім мястэчку ў Босніі і Герцагавіне прайшоў ХХХ Моладзевы фестываль, у якім прынялі ўдзел Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс, і старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела. “Гэта знак сувязі паміж Меджугор’ем, Паўсюдным Касцёлам і Святым Пасадам”, - дадаў ён.
Гаворачы аб сваёй місіі, арцыбіскуп Хосэр заўважыў, што яна заключаецца ў забеспячэнні годнага прыёму пілігрымаў, не толькі з лагістычнага пункту гледжання, але галоўным чынам з духоўнага. “Гэта вельмі складанае заданне, бо вельмі павялічылася колькасць пілігрымаў, якія паходзяць з розных частак свету. Яны патрабуюць суправаджэння на сваёй роднай мове, для гэтага ў нас ёсць шаснаццаць кабін для сінхроннага перакладу літургіі і катэхез”, - падзяліўся прадстаўнік Папы.