Кардынал у Меджугор’і: тры шляхі да хрысціянскай разважлівасці
Іерарх нагадаў тэму хрысціянскага форуму – “Ідзі за Мной!”, і падкрэсліў, што, каб рэалізаваць у жыцці гэты заклік, трэба каб Дух Святы адкрыў нашыя сэрцы і напоўніў іх Боскай разважлівасцю. Каментуючы ўрывак з Евангелля св. Мацвея (13, 47–53), кардынал вылучыў у ім тры парады адносна таго, што лічыць хрысціянскай разважлівасцю і як яе ў сабе развіваць.
Разважлівым з’яўляецца хрысціянін, які не ідзе за ўсім, што прыходзіць яму на розум. “Мы можам мець мысленне, напоўненае Духам Святым, толькі калі не дазволім, каб нас прыгняталі думкі роспачы, страху, хваляванняў адносна будучыні”, - заўважыў кардынал Дэ Данаціс.
Іерарх перасцярог ад пастаяннай рассеянасці, перагружанасці бескарыснай інфармацыяй і залежнасці ад сацыяльных сетак. Ён таксама прызнаў, што часам можа здарацца, “што будзем апанаваныя крыўдамі, зайздрасцю, думкамі самаразбурэння”. Аднак усё гэта не павінна пазбаўляць нас адважнасці. “Евангелле запрашае нас ачысціць думкі, каб прыняць мысленне Хрыста. Евангельскае сэрца патрабуе свабоднага розуму!”, - падбадзёрыў моладзь Папскі вікарый.
Працягваючы, іерарх сказаў, што мудрасць заключаецца ў тым, каб з маладосці трываць на гарызонце праўды, якая не мінае, не разлічваць “толькі на сённяшні дзень, на лёгкія рашэнні, на неадкладнае задавальненне, на меркаванні, якія заспакойваюць наш эгаістычны выбар”.
“Паўсядзённаму жыццю пагражае хутчэй павярхоўнасць, чым зло. Давайце загадзя прымяраць на сябе праўдзівы Божы суд, адразу ставячы сябе на гарызонце праўды: малады хрысціянін разважлівы, калі кажа праўду, шукае праўду, прыносіць у дар праўду. У гэтым сэнсе рахунак сумлення і сакрамэнт споведзі з’яўляюцца найвялікшымі інструментамі, каб узрастаць у сапраўднай мудрасці”, - адзначыў кардынал.
Нарэшце, ахрышчаны павінен увасабляць новае стварэнне, але з адценнем старажытнага, “таго, якое мае карані, якое квітнее на зямлі тысячагадовай гісторыі святасці, з якой утвораны Касцёл”. “Сапраўдны хрысціянін не традыцыяналіст і не прагрэсіст. Ён – новае стварэнне, якое захоўвае прыемны водар хлеба, спечанага ў хаце, духмянага і апетытнага менавіта таму, што быў замешаны і выпечаны па старажытным рэцэпце”, - сцвердзіў кардынал Анджэла Дэ Данаціс.
XXX Моладзевы фестываль у Меджугор’і распачаўся 1 жніўня 2019 г. і будзе трываць шэсць дзён. У форуме прымаюць удзел каля 50 тыс. чалавек з усяго свету. У праграме мерапрыемства – выступленні шэрагу каталіцкіх біскупаў і кардыналаў. Эўхарыстычную літургію 6 жніўня, на завяршэнне фестывалю, узначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.