Святы Айцец благаславіў карабель-шпіталь у Амазоніі
Карабель-шпіталь – унікальны праект Касцёла ў Бразіліі. 32-мятровае судна, на борце якога размясцілася сапраўдная клініка, перамяшчаецца па водах Амазоніі, даючы магчымасць людзям з цяжкадасяжных рэгіёнаў атрымаць медыцынскія паслугі і пачуць Божае слова. Ініцыятыва рэалізуецца з ліпеня 2018 г. Яна павінна ахапіць каля 700 тыс. чалавек, дабрацца да якіх магчыма толькі водным шляхам.
Папа падтрымаў праект і сачыў за яго рэалізацыяй з самых першых дзён. Ён падкрэсліў важнае значэнне такіх ініцыятыў у святле Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, які ў кастрычніку пройдзе ў Ватыкане. Паводле яго, праект з’яўляецца “адказам на заклік Пана, Які працягвае пасылаць сваіх вучняў абвяшчаць Божае Валадарства і вяртаць здароўе хворым”.
Святы Айцец нагадаў, што Касцёл павінен быць “палявым шпіталём”, адкрытым для ўсіх. “Як Езус аб’явіўся, ідучы па вадзе, суцяшаючы буру і ўмацоўваючы веру вучняў, няхай і гэты човен, прынясе духоўнае суцяшэнне і спакой пасярод турботаў людзей у патрэбе, пакінутых на волю лёсу”, - пажадаў Пантыфік.