Папа падчас сустрэчы з карэннымі народамі Амазоніі ў Перу Папа падчас сустрэчы з карэннымі народамі Амазоніі ў Перу  

Святы Айцец благаславіў карабель-шпіталь у Амазоніі

Францішак скіраваў спецыяльны ліст з нагоды прыбыцця карабля-шпіталя, які носіць яго імя, у порт бразільскага горада Белем, які знаходзіцца на паўночным усходзе Бразіліі, каля дэльты ракі Амазонкі.

Карабель-шпіталь – унікальны праект Касцёла ў Бразіліі. 32-мятровае судна, на борце якога размясцілася сапраўдная клініка, перамяшчаецца па водах Амазоніі, даючы магчымасць людзям з цяжкадасяжных рэгіёнаў атрымаць медыцынскія паслугі і пачуць Божае слова. Ініцыятыва рэалізуецца з ліпеня 2018 г. Яна павінна ахапіць каля 700 тыс. чалавек, дабрацца да якіх магчыма толькі водным шляхам.

Папа падтрымаў праект і сачыў за яго рэалізацыяй з самых першых дзён. Ён падкрэсліў важнае значэнне такіх ініцыятыў у святле Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, які ў кастрычніку пройдзе ў Ватыкане. Паводле яго, праект з’яўляецца “адказам на заклік Пана, Які працягвае пасылаць сваіх вучняў абвяшчаць Божае Валадарства і вяртаць здароўе хворым”.

Карабель-шпіталь імя Францішка ў водах Амазонкі
Карабель-шпіталь імя Францішка ў водах Амазонкі

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл павінен быць “палявым шпіталём”, адкрытым для ўсіх. “Як Езус аб’явіўся, ідучы па вадзе, суцяшаючы буру і ўмацоўваючы веру вучняў, няхай і гэты човен, прынясе духоўнае суцяшэнне і спакой пасярод турботаў людзей у патрэбе, пакінутых на волю лёсу”, - пажадаў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

18 жніўня 2019, 14:20