IMG-6744aem.jpg

Беларусь: семінар па стратэгічным душпастырскім планаванні

У Мінску адбыўся міжнародны форум, прысвечаны стратэгічнаму планаванню душпастырскай працы. У ім прынялі ўдзел больш за 40 чалавек з амаль 10 краін.

Святары, прадстаўнікі манаскіх супольнасцей, тэолагі, эксперты сабраліся на базе дабрачыннага аб’яднання “Карытас”, каб абмеркаваць, наколькі патрэбна планаванне і якім чынам і хто павінен уключыцца ў гэты працэс.

Пробашч парафіі св. Тройцы ў Касцюковічах – сярод слухачоў. Кс. Адрэй Далянскі разумее: патрэбы ў кожнай парафіі розныя, але мэта аднолькавая – дапамагаць людзям у радасці ці смутку, знайсці Бога і ўзрастаць у веры. На Магілёўшчыне – усходзе Беларусі – шмат католікаў, але не практыкуючых, таму ў першую чаргу на іх тут накіроўваюць увагу. Гэта і ёсць элемент планавання, а яшчэ штогадовыя справаздачы пробашча і абмеркаванне будучых ідэй з вернікамі – таксама прысутнічаюць у жыцці парафіі, паведаміў святар.

“Мне здаецца, што да душпастырскай працы трэба больш актыўна падключаць свецкіх людзей. Па-першае, святароў мала, а свецкія нейкія справы могуць нават лепш зрабіць, чым святары. Такія людзі ёсць у кожнай парафіі – вялікай ці маленькай. Гэта інтэлігенцыя, настаўнікі… Па-другое, такім чынам гэтым людзям трэба даць адчуць адказнасць за Касцёл, за сваю парафію”, - лічыць кс. Андрэй Далянскі.

За ўключэнне свецкіх – таксама і сястра-дамініканка Любаміра Кругавая, яна працуе ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай. Касцёл у Беларусі перажыў адраджэнне і сёння павінен ісці наперад, а сістэматызацыя працы дапаможа развівацца.

“Лічу, што гэта вельмі патрэбна ў кожнай парафіі, у кожнай манаскай супольнасці. Каб развівацца, трэба глядзець на сябе ў праўдзе. Сёння Касцёл у Беларусі ўжо на тым этапе, калі праца не можна быць спантаннай, бо прыходзяць новыя людзі з новымі патрэбамі”, - падзялілася сваім меркаваннем манахіня.

Але як гэта рабіць? Агульнага рэцэпту няма, падкрэсліў арганізатар сустрэчы, кс. Віктар Гайдукевіч. Безумоўна, трэба кіравацца патрэбамі вернікаў і адштурхоўвацца ад выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам краіны, павышаць супольную адказнасць за місію. Але найперш – вучыцца размаўляць: ёсць шмат тых, хто жадае ўключыцца ў душпастырскую працу, але камунікацыі паміж рознымі групамі няма.“Часам у нашых парафіях жывуць ад аднаго дня да наступнага: нешта будзе, Дух Святы дапаможа. І гэта праўда, Дух Святы сваё зробіць, але мы павінны таксама рабіць. Мы павінны ставіць перад сабой канкрэтныя мэты, якія можна дасягнуць у бліжэйшы час, і ўбачыць, што мы сапраўды патрэбныя людзям”, - падкрэсліў салезіянін.

Не варта засяроджвацца на адным напрамку – ці на працы з моладдзю, ці з хворымі…, дапоўніў госць сустрэчы, прафесар душпастырскай тэалогіі з Варшавы. У кожнай краіны – свой вопыт душпастырскага планавання, але ўсе разам сёння жывуць у новай рэальнасці. “Варта не кансерваваць таго, што было дагэтуль. Францішак у “Evangelii gaudium” заклікае да місійнага душпастырства. Гаворка пра тое, каб выйсці да нашых вернікаў і не чакаць, што яны прыйдуць да нас. Езус казаў: ідзіце, а не чакайце ў канцэлярыі ці сакрыстыі”, - адзначыў кс. Томаш Вялебскі.

Увогуле, у планаванні душпастырства няма нічога новага. А вось новыя метады і ідэі для сваёй працы ўдзельнікі семінара запазычылі. Неабходнасць у планаванні ёсць і ў нацыянальным маштабе, і ў маштабе парафіі, але гэта павінна быць дарога з двухбаковым рухам.

28 верасня 2019, 14:07