Біскуп Яшэўскі пра адраджэнне культу Маці Божай Бялыніцкай
Гісторыя старажытнага горада на ўсходзе Беларусі непарыўна звязана з гісторыяй святыні, якая бачыла ўсё: і росквіт, і знішчэнне. А зараз – культ пашаны Маці Божай Бялыніцкай перажывае адраджэнне, адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі, біскупскі вікарый для Магілёўскай вобласці. “На жаль, сёння ў Бялынічах, якія нашы продкі называлі “беларускай Чэнстаховай”, няма ні базылікі, ні кляштара кармелітаў, ні цудадзейнага абраза. Але духавенства і вернікі ніколі не забываліся аб тым, што ў спадчыне рэгіёна ёсць такая прыгожая славутая святыня і такая магутная заступніца”, - падкрэсліў іерарх.
Ікона з’явілася ў XIII стагоддзі, хутка яе назвалі Каралевай Беларусі. У 1761 г. яна стала другой пасля Жыровіцкай, увянчанай папскімі каронамі. Пажар і нашэсці, часы рэвалюцыі, пераследу і войнаў… Зараз арыгінал святыні лічыцца страчаным. Але не страчана вера ў дапамогу Бялыніцкай Маці Божай, падкрэсліў біскуп. “Апошнія звесткі навукоўцаў і мастакоў кажуць, што абраз Маці Божай Бялыніцкай, знойдзены ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна можа быць ці арыгіналам, ці самай ранняй копіяй, таму што цуды праз заступніцтва Бялыніцкай Маці Божай адбываюцца і сёння”, - заўважыў ён.
У гэтым годзе ўшанаваць Багародзіцу ў Бялынічы ўжо ідуць 150 пілігрымаў, а на ўрачыстасць збяруцца значна больш людзей. З цягам часу тут мараць аднавіць сапраўдны санктуарый, падзяліўся думкамі біскуп Аляксандр Яшэўскі. “Праект ужо ёсць, на мой погляд, ён вельмі прыгожы. І мы ўжо звярнуліся да ўладаў з просьбай выдзеліць зямлю. Санктуарый у гонар Маці Божай Бялыніцкай мы плануем у нашым усходнім стылі – драўляным. Таксама потым мы жадаем прасіць прыхільнасці і Біскупа Пінскага, і вернікаў парафіі Новая Мыш зрабіць для нашай Магілёўшчыны брацкі жэст, каб святыня XVII ст. заняла сваё годнае месца ў санктуарыі, які будзе створаны спецыяльна для абраза”, - падзяліўся іерарх.
Не так даўно ў Бялынічах асвяцілі новую копію абраза, які быў напісаны ў Кракаве. Сёлета Канферэнцыя Біскупаў Беларусі зацвердзіла фармуляр св. Імшы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай. А пакуль, як і стагоддзі таму, да заступніцы накіроўваюцца вернікі: ўшаноўваць і прасіць дапамогі. І яна, з Бялыніцкай іконы, пакорліва і асцярожна глядзіць на людзей быццам у самую душу.