Францішак да моладзі ЗША: ідзіце і нясіце з сабой Бога
Святы Айцец даслаў сваё відэапрывітанне моладзі ЗША, якая сабралася ў Індыянапалісе на сустрэчы, арганізаванай Нацыянальнай каталіцкай моладзевай канферэнцыяй на тэму “Благаслаўлёныя зламаныя”.
Францішак пажадаў, каб форум стаў “магчымасцю ўмацаваць веру і зносіны”, дапамог “распаліць маладыя місіянерскія сэрцы мужнасцю і сілай жыць у Пану і з Ім, у адкрытым Касцёле”. Ён заклікаў маладых амерыканцаў шукаць сустрэчы з кожным чалавекам, у першую чаргу, з самымі далёкімі і тымі, хто пакутуе.
“Мы павінны дасягнуць экзістэнцыяльнай перыферыі нашага свету! Вы ведаеце сваіх аднагодкаў, вы ведаеце, што многія з іх жывуць у адзіноце, што многія не ведаюць Езуса. Ідзіце і нясіце з сабой Бога, ідзіце ў ваша асяроддзе, у тым ліку лічбавае, не з пераконваннем, не з празелітызмам, але з засведчаннем пяшчоты і міласэрнасці Езуса! Сардэчна благаслаўляю вас і не забывайцеся маліцца за мяне!”, - сказаў у сваім відэазвароце Францішак.
22 лістапада 2019, 12:49