Арцыбіскуп Пол Чан Ін Нам, Апостальскі нунцый у Бангкоку Арцыбіскуп Пол Чан Ін Нам, Апостальскі нунцый у Бангкоку 

Апостальскі нунцый пра сітуацыю каталіцкай меншасці ў Тайландзе

Праз візіт у Тайланд Папа можа дадаць мужнасці мясцовай каталіцкай меншасці для больш адкрытага сведчання веры, - падкрэсліў Апостальскі нунцый у Бангкоку, арцыбіскуп Пол Чан Ін Нам.

Католікі ў Тайландзе – “гэта малая доля ў акіяне суайчыннікаў-будыстаў”. Менавіта так ватыканскі дыпламат апісаў сітуацыю прыблізна 400 тыс. вернікаў у краіне з 69 мільёнамі жыхароў. Але ўсё ж, дадаў ён, Каталіцкі Касцёл уносіць значны ўклад у грамадскае жыццё. Ён кіруе 370 каталіцкімі адукацыйнымі ўстановамі: ад пачатковых школ да ўніверсітэта. Хоць католікаў няшмат, колькасць людзей, якія атрымалі адукацыю ў каталіцкіх школах, значная. Касцёл таксама валодае і кіруе шматлікімі медыцынскімі цэнтрамі – бальніцамі і паліклінікамі.

Самы вялікі выклік для хрысціян сёння – іх тоеснасць. Будучы невялікай супольнасцю ў краіне з будысцкай большасцю, ім не проста сведчыць сваю веру. Таксама існуюць розныя забабоны ў дачыненні да хрысціянства, - распавёў нунцый. “Будызм лічыцца афіцыйнай рэлігіяй, і людзі адчуваюць сябе звязанымі з ім. Шмат хто ў Тайландзе па-ранейшаму разглядаюць хрысціянства як замежную рэлігію. Быць хрысціянінам лічыцца своеасаблівым адмаўленнем уласнай ідэнтычнасці”, - заўважыў арцыбіскуп Ін Нам.

Такое ўспрыманне мае гістарычныя прычыны. “Падчас Другой сусветнай вайны Тайланд быў саюзнікам японскай арміі. Еўрапейскія краіны лічыліся ворагамі, а Каталіцкі Касцёл успрымаўся як рэлігія варожых краін”, - нагадаў дыпламат. Такія погляды жывуць дагэтуль. “Некаторыя людзі лічаць, што быць хрысціянінам азначае, што вы здраднік уласнага народа і выступаеце супраць будыйскіх каштоўнасцей і рэлігіі. Такія настроі выклікаюць у хрысціян пачуццё непаўнавартасці і не падахвочваюць іх да актыўнага місіянерства. Гэта вялікі выклік для тайскага Касцёла”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

У гэтым кантэксце міжрэлігійны дыялог з’яўляецца “неабходнасцю”.У Тайландзе адбываюцца рэгулярныя візіты і дыялагічныя сустрэчы паміж католікамі і будыстамі. Гэтыя кантакты будуць неабходныя яшчэ доўгі час і ад іх нельга адмаўляцца. “Мы вельмі спадзяёмся, што візіт Папы ўзмоцніць нас для далейшага развіцця гэтых братэрскіх адносін”, - сказаў Апостальскі нунцый у Бангкоку.

Францішак 20 лістапада 2019 г. прыляцеў у сталіцу Тайланда. Гэта яго 32-я замежная паездка і чацвёртая ў Азію. Папа будзе знаходзіцца краіне з 20 па 23 лістапада, затым 23-26 лістапада наведае Японію.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лістапада 2019, 11:45