Арцыбіскуп Кандрусевіч: Беларусь адчувае патрэбу ў новых храмах
Па-першае, гэта было не адно мерапрыемства, а цэлы шэраг. Увесь 2019 г. быў прысвечаны сям’і. “Мы цэлы год прысвяцілі сям’і – гэта крыніца жыцця і падмурак грамадства. Сёння мы бачым, што сям’я знаходзіцца ў крызісе і трэба старацца вылечыць сям’ю ад гэтай хваробы, духоўнай хваробы. І трэба выхоўваць моладзь, бо ад таго, якой яна будзе, залежыць наша будучыня”, - адзначыў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў 20 снежня 2019 г.
Менавіта па гэтай прычыне Касцёл у Беларусі працягвае заклікаць да захавання хрысціянскіх традыцый. Гэта датычыцца нашумелых тэм гендарнай роўнасці, аднаполых саюзаў, штучнага апладнення. Касцёл працягне абараняць чалавечую годнасць, але выступае супраць той ідэалогіі, якую дыктуе сучасны свет, падкрэсліў іерарх.
“Касцёл збірае і працягвае збіраць подпісы пад зваротам да Прэзідэнта з просьбай абароны хрысціянскіх каштоўнасцей і супраць прапаганды аднаполых адносін сярод моладзі, сярод тых, хто яшчэ не стаў дарослым. На сённяшні дзень сабрана каля 50 тыс. подпісаў. Дзякую ўсім, хто ўключыўся ў гэты працэс, не толькі католікам, але і праваслаўным, і людзям добрай волі, якія падпісваліся”, - агучыў лічбу іерарх.
Сімпозіум, Будслаўскі фэст, выданне новых кніг – усё гэта было ў 2019 г. і вядома спрыяе духоўнаму ўзрастанню вернікаў краіны. Але ёсць і праблемы, якія, на жаль, пераходзяць у год наступны. Беларусь мае патрэбу ў новых храмах. Зараз у дыяцэзіі будуецца некалькі касцёлаў, але ў некаторых месцах дазволу на будаўніцтва няма. Прыклад – Бялынічы. Ніяк не вырашаецца пытанне з правамі ўласнасці на Магілёўскую катэдру. Яшчэ ў 1990 г. яна была перададзена католікам, але праз 10 год рашэнне адмянілі, нягледзячы на тое, што Каталіцкі Касцёл падняў святыню амаль з руін, нагадаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.
“Дзеля справядлівасці трэба , каб святыня, якая намі пабудавана, намі адноўлена і нашымі вернікамі да сённяшняга дня ўтрымліваецца, не проста была перададзена нам у арэнду, а ва ўласнасць, гэта было б лагічна і зразумела”, - патлумачыў іерарх.
Божае Нараджэнне найперш павінна насіць духоўны характар, бо Бог у вобразе чалавека ўвайшоў у нашае жыццё, адзначыў у сваім пасланні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Гаворка ідзе пра тое, каб вонкавая частка свята не дазволіла забыцца аб яго сутнасці.
Адбылося таксама сёння і традыцыйнае ламанне аплаткам. Духавенства пажадала журналістам годна сустрэць Божае Нараджэнне. Сапраўды, наступны год будзе не менш насычаным. Ужо вядома. У гэтыя перадкалядныя дні духавенства і вернікі развітваюцца з Апостальскім Нунцыем у Беларусі, арцыбіскупам Габарам Пінтэрам, а потым будуць чакаць новага прадстаўніка Святога Пасаду.