1576952556907.jpg

Епіскапат Бразіліі бароніць правы работнікаў турыстычнай сферы

Канферэнцыя Біскупаў Бразіліі запускае анлайн-кампанію з мэтай абароны правоў людзей, занятых у турыстычным сектары. Яна будзе праводзіцца ў асноўным у сацыяльных сетках.

Як патлумачылі ў бразільскім епіскапаце, гаворка ідзе пра 7 мільёнаў асоб, якія працуюць у сферы адпачынку, у тым ліку пра вадзіцеляў, перакладчыкаў, работнікаў грамадскага харчавання, прыбіральшчыкаў, пакаёвак. Галоўным лозунгам медыя-акцыі з’яўляецца заклік: “Падчас адпускных падарожжаў звярніце ўвагу на тых, хто стаў нябачным”.

Член камісіі па турызме епіскапату Бразіліі, кс. Маноэль дэ Алівейра Фільё патлумачыў, што акцыя – адна з некалькіх ініцыятыў, распачатых у апошнія гады іерархіяй, што служаць як павышэнню павагі да супрацоўнікаў турыстычнай сферы, так і евангелізацыі.

“Мы павінны зрабіць наш адпачынак больш гуманным і звярнуць увагу на ўсіх людзей навокал. Яны не могуць быць проста аб’ектам. Іх не можна ўспрымаць як спажывецкія тавары, яны - Божыя дзеці”, - падкрэсліў святар.

04 студзеня 2020, 13:32