switzerland-vatican-religion-pope-1529601848637.jpg

Старшыня Папскай рады: трэба стаць перад Богам на калені

Адарацыя Бога сёння асабліва важная, - лічыць старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён узначаліў заключную Эўхарыстыю экуменічнай канферэнцыі „Mehr” у Аўгсбургу.

“Асабліва ў наш час, калі тое, што з’яўляецца святым, усё часцей губляецца, нам неабходна новая глыбокая адарацыя, якая стварае прастору святасці і выяўляецца ў праслаўленні Бога”, - сказаў кардынал Курт Кох.

Ён нагадаў, што ў пакланенні Богу людзі адраджаюць тое, што з’яўляецца святым, і, такім чынам, могуць вярнуць святасць у паўсядзённае жыццё. У гэтым аспекце адарацыя Усемагутнага Пана вядзе да “абноўленага погляду на жыццё і стварэнне”. “Выяўленне такога захаплення сёння з’яўляецца асаблівай місіяй Касцёла. Праслаўленне Бога неабходнае і своечасовае ў сітуацыі крызісу веры. Таму важнасць адарацыі павінна быць зноў адкрыта, асабліва ў сітуацыі, калі гэтае слова пачало ўспрымацца як нешта састарэлае і нават дзіўнае, таксама і ў Касцёле. Хоць першапачаткова яно было шырока зразумелым. Адарацыя Бога азначае, што мы, людзі, становімся на калені”, - заўважыў кардынал у сваёй гаміліі.

Ён адзначыў, што сёння людзі ў значнай ступені ўспрымаюць гэта як прыніжэнне, таму што навучыліся хадзіць выключна прама. “На самой справе ў свеце не варта кленчыць ні перад кім”, - сказаў іерарх. Ён дадаў: “Але стаяць на каленях перад Богам трэба, паколькі чалавек абавязаны Яму тым, што ходзіць выпрастаны. Праслаўленне Бога вядзе чалавека да яго сапраўднай велічы”.

Св. Імша стала адным з апошніх пунктаў праграмы канферэнцыі „Mehr” (Больш), арганізаванай у дванаццаты раз у Доме малітвы ў нямецкім Аўгсбургу пад кіраўніцтвам каталіцкага тэолага Ёханэса Хартля.

Паводле арганізатараў, у чатырохдзённай экуменічнай канферэнцыі з лекцыямі, канцэртамі і малітвай, якая завяршылася ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, удзельнічалі звыш 12 тыс. чалавек – гэта больш, чым ва ўсіх папярэдніх адзінаццаці. Наступны форум запланаваны на 2022 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 студзеня 2020, 13:55