hands-1950985.jpg

Папская “сямейная” ВНУ адкрыла філіял у Мадрыдзе

Сям’я не бярэцца з неба, ёй трэба дапамагаць, - сказаў Апостальскі нунцый у Іспаніі, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса падчас інаўгурацыі мадрыдскага філіяла Папскага тэалагічнага інстытута імя Яна Паўла II.

У адміністрацыйным парадку навучальная ўстанова будзе падпарадкоўвацца Каталіцкаму ўніверсітэту св. Антонія ў Мурсіі (UCAM), які таксама прапануе сваіх выкладчыкаў. Яна заклікана рэалізаваць “інтуіцыю” Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia папы Францішка.

На цырымоніі, якая адбылася 22 студзеня ў Саборнай Семінарыі ў сталіцы Іспаніі, прысутнічалі, сярод іншых Прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, кардынал Джузэпэ Версальдзі і Старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

У сваім выступленні арцыбіскуп Ауса звярнуў увагу на неабходнасць падкрэсліваць не толькі тое, што сям’я з’яўляецца асновай грамадства і Касцёла, здароўе якіх грунтуецца на здароўі сям’і. Варта таксама мець на ўвазе, што сям’я не бярэцца з неба як нешта ідэальнае, а таму трэба ёй дапамагаць і клапаціцца пра яе.

Арцыбіскуп Палья, у сваю чаргу, адзначыў, што адкрыццё мадрыдскага філіяла з’яўляецца першым плёнам рэформы Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ. Ён падкрэсліў, што гаворка ішла не пра падмену ўстановы, а пра пашырэнне і адраджэнне яе першапачатковай ідэі. Ён таксама адзначыў, што “тэалогія не павінна быць аддзелена ад душпастырскай працы, не кажучы ўжо пра супрацьстаянне адно аднаму”. Яна павінна “падтрымліваць сувязь з досведам вернікаў і ўмець размаўляць на зразумелай мове з людзьмі іншых культур”, выходзячы за рамкі кафедры. Практыка тэалогіі з’яўляецца ў тым ліку і “актам міласэрнасці”, - лічыць італьянскі іерарх.

Са свайго боку кардынал Версальдзі заклікаў да “аналітычнага падыходу” да сямейных спраў, які “не задавольваецца паўтарэннем узораў з мінулага”, а вырашае праблемы, “гледзячы на рэчаіснасць сям’і ва ўсёй яе складанасці”.

Папскі тэалагічны інстытут навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ быў заснаваны ў 2017 г. Апостальскім лістом Францішка Summa familiae cura і замяніў сабой Папскі інстытут па даследаванні сям’і і сужэнства. У дакуменце Папа падкрэсліў, што мэтай структуры будзе ажыццяўленне вынікаў Сіноду Біскупаў на тэму сям’і, якія праходзіў у 2014 і 2015 гг., а таксама рэалізацыя Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia з 2016 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 студзеня 2020, 11:28