Турынскую Плашчаніцу адкрыюць для ўдзельнікаў сустрэчы Тэзэ
Аб гэтым паведаміў арцыбіскуп Турына Чэзарэ Назілья падчас удзелу ў сёлетнім экуменічным форуме, які праходзіў у польскім горадзе Вроцлаў. Такім чынам, усяго праз пяць гадоў пасля апошняга выстаўлення хрысціянскай рэліквіі, якую тады наведала больш за два мільёны пілігрымаў з усяго свету, Плашчаніца будзе зноў прадстаўлена ў Турыне.
Каментуючы вестку пра выбар Турына ў якасці наступнага месца правядзення малітоўнай сустрэчы, арцыбіскуп Назілья адзначыў, што гэта важная навіна, “якая служыць пацвярджэннем моцнай сувязі і адначасова плёну доўгага шляху сяброўства з Супольнасцю Тэзэ”.
3 студзеня 2020 г. у Турыне адбудзецца прэс-канферэнцыя, на якой будуць прадстаўлены ініцыятывы, звязаныя з наступнай сустрэчай Тэзэ – 43-м этапам “Пілігрымкі даверу на зямлі”. Традыцыйна, гэтыя форумы маюць вельмі насычаную малітоўную і культурную праграму: маладыя людзі штодзённа збіраюцца на малітву ў базыліках і буйных выставачных цэнтрах, а ў навагоднюю ноч адбываюцца “Малітва за мір ва ўсім свеце” і “Фестываль народаў”. Праграму сустрэчы ў Турыне ўзбагаціць магчымасць кантэмпляцыі і адарацыі Турынскай Плашчаніцы.
Супольнасць Тэзэ арганізуе Еўрапейскія сустрэчы моладзі з 1978 г. Ініцыятыва мае характар пілігрымкі, таму кожны год адбываецца ў іншым горадзе кантынента. Упершыню яна прайшла ў Парыжы. Італія прымала малітоўную эстафету ўжо шэсць разоў: чатыры разы – у Рыме (1980, 1982, 1987, 2012) і два – у Мілане (1998 і 2005). Такім чынам, сустрэча моладзі ў Турыне стане 43-й у гісторыі “Пілігрымкі даверу на зямлі” і 7-й, якая пройдзе ў Італіі.