У Рыме размаўляюць пра выклікі паклікання да святарства
“Мы часта заяўляем аб пакліканні як аб шчасці, – як быццам гаворка ідзе пра мару, адарваную ад рэальнага свету. Але гэта не так. Калі мы гаворым пра шчаслівых людзей, то маем на ўвазе тых, хто вырашыў ісці за Панам, але ў той жа час з радасцю прымае ўсе нягоды і пакуты, звязаныя з такім рашэннем. Бо менавіта гэта робіць існаванне плённым, дазваляе весці шчаслівае жыццё”, - адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кс. Мікеле Джанола, дырэктар агульнаітальянскага душпастырства пакліканняў.
Асабліва важная на шляху паклікання падрыхтоўка ў духоўнай семінарыі, якую папа Францішак называе “домам малітвы, вучобы і адзінства”. “Усе дарогі паклікання, - падкрэсліў кс. Джанола, - маюць патрэбу ў адмысловай прасторы, дзе можна здабыць сапраўдны вопыт служэння Пану, перамагчы свае сумневы і зразумець, што значыць жыць у братэрстве. Перыяд семінарыі (...) дае магчымасць адказаць на пытанне: ці павінна першапачатковая інтуіцыя чалавека канкрэтызавацца ў святарстве або застацца толькі досведам жыццёвага шляху”.
Папа Францішак неаднаразова падкрэсліваў важнасць распазнання, якое тычыцца не толькі будучых святароў, але і ўсіх вернікаў. З гэтай нагоды кс. Джанола адначыў: “Ва ўсе часы жыцця мы пакліканы распазнаваць, як сёння можна дабіцца поспеху ў нашых адносінах з Панам, зразумець, як лепш сябе паводзіць. Пакліканне да святарства становіцца адказам на заклік Езуса, Які выдатна ведае ўсе нашы самыя патаемныя жаданні. Пан дапамагае нам выбіраць толькі тое, чаго мы сапраўды хочам, нават калі спачатку, магчыма, мы гэта дрэнна разумеем”.