1575815992030.JPG

Кардынал Тагле: пантыфікат Францішка – алегорыя блізкасці Бога

“Алегорыяй блізкасці і спагадлівасці Бога” назваў мінулыя сем гадоў пантыфікату Францішка кардынал Луіс Антоніа Тагле, новы прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў.

У інтэрв’ю “Vatican News” пурпурат прызнаўся, што радуецца ўрокам, якія атрымаў на прыкладзе паставы Францішка, а менавіта ўменню “ўдзяляць увагу асобным людзям пасярод вялікага натоўпу, падтрымліваць персанальны кантакт ва ўмовах вялікай арганізацыі – касцёльнай “бюракратыі”, прымаць уласныя абмежаванні і неабходнасць мець супрацоўнікаў, нягледзячы на “звышчалавечыя” спадзяванні, ведаць, што з’яўляешся слугой, а не збавіцелем”.

Па словах кардынала Тагле, Францішак “прыўнёс у папства асобу простую, з пачуццём гумару, добрасумленную”. “Нават калі многія справядліва лічаць яго адным з найбольш уплывовых рухавікоў гісторыі і выхавальнікаў сучаснага чалавецтва, я бачу ў ім і ў нашых размовах простую алегорыю блізкасці і спагадлівасці Бога. Будучы такой алегорыяй, Папа можа рухаць і фарміраваць гісторыю”, - сказаў іерарх.

У размове з журналістамі кардынал Тагле пракаментаваў вобраз “Касцёла, які выходзіць” насустрач канкрэтным людзям у патрэбе. Ён заўважыў, які вялікі акцэнт надае Францішак гэтай місіі Касцёла і як настойліва падкрэслівае, што яна павінна браць пачатак з сапраўднай, “глыбокай сустрэчы з Езусам, з вопыту веры і пераканання, што Езус нас любіць і нас збаўляе”.

Пурпурат пажадаў Францішку “магчы працягваць вынаходзіць і дэманстраваць дар і абяцанне, падораныя Богам Касцёлу і чалавецтву, калі, сем гадоў таму, ён быў пакліканы на Пасад св. Пятра”.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 сакавіка 2020, 15:09