Беларусь: Пасха з малітвай і мерамі бяспекі
Старшыня каталіцкага епіскапату расказаў аб мерах бяспекі, прынятых у касцёлах, заклікаючы вернікаў удзельнічаць у набажэнствах, карыстаючыся тэле- і онлайнтрансляцыямі, святкаваць дома. Што датычыцца літургіі ў храмах, унесены змены, напрыклад, адмяняецца абрад абмывання ног падчас Імшы Вячэры Пана, цалаванне Крыжа ў Вялікую пятніцу, ёсць рэкамендацыі цэлебраваць Імшы на свежым паветры.
Канферэнцыя Біскупаў уважліва сочыць за сітуацыяй у краіне, прагучала некалькі зваротаў аб прафілактычных мерах у храмах. Выдадзена шырокая дыспенса ад фізічнага ўдзелу ў нядзельных і святочных Імшах.
Па словах арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага прынятыя меры працуюць. Людзі, застаючыся дома, актыўна сочаць за youtube-трансляцыямі, арганізаванымі ў інтэрнэце. Напрыклад, у Пальмовую нядзелю было больш за 1300 уключэнняў толькі з аднаго мінскага архікатэдральнага касцёла.
Пандэмія каронавіруса ўнесла змены ў жыццё Касцёла ў Беларусі: перанесены шматлікія падзеі, у тым ліку і нацыянальная пілігрымка ў Рым у гонар св. Яна Паўла ІІ. Нагадаем, што душпастырская праграма 2020 г. сканцэнтравана вакол асобы першага Папы-славяніна. Гэта тэма, як плануецца, будзе цэнтральнай і падчас марыйных урачыстасцей у Будславе. Падрыхтоўка да іх працягваецца, але ў Касцёле сочаць за сітуацыяй з распаўсюджваннем пандэміі, якая хутка мяняецца і ўносіць карэктывы.