Біскуп Рэгенсбурга пра свае ўражанні ад візіту Бэнэдыкта XVI
Папа-эмерыт вярнуўся з Радзімы ў Ватыкан 22 чэрвеня 2020 г. Ён прабыў у Рэгенсбургу пяць дзён. Галоўнай мэтай падарожжа была сустрэча з цяжкахворым 96-гадовым братам Георгам Ратцынгерам.
Неўзабаве пасля прызямлення самалёта з Папам-эмерытам у рымскім аэрапорце “Чампіна”, біскуп Рудольф Водэрхольцэр, арганізатар візіту, сустрэўся з журналістамі, каб падвесці яго вынікі.
“Пяць дзён знаходжання Папы ў Баварыі прадэманстравалі яго кволасць, стомленасць і старасць. Ён гаварыў слабым голасам, амаль шэптам, гаварыць яму відавочна цяжка. Яго думкі, аднак, цалкам ясныя, яго памяць і здольнасць асацыяваць фенаменальныя. У паўсядзённых справах ён вымушаны спадзявацца на дапамогу іншых. Патрэбна смеласць і пакора, каб аддаць сябе ў рукі іншых і паказацца публічна”, - заявіў Біскуп Рэгенсбурга.
У дадатак да гістарычнага і духоўнага аспектаў, іерарх падкрэсліў чалавечае вымярэнне падарожжа Бэнэдыкта XVI: “Сардэчнасць горада і яго жыхароў, хатняя атмасфера відавочна ажывілі пажылога Папу-эмерыта: падарожжа Бэнэдыкта XVI можа стаць развітаннем з баварскай радзімай”.
Апрача сустрэчы з братам, Папа-эмерыт наведаў пахаванні сваіх родных на могілках у Пентлінгу, што непадалёк ад Рэгенсбурга, а таксама дом, у якім жыў у 1970-1977 гадах.
Апошні раз Бэнэдыкт XVI быў у гэтых мясцінах падчас свайго падарожжа ў Баварыю ў 2006 г.