Арцыбіскуп Піцабала. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Піцабала. Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Святой Зямлі: Бог благаслаўляе нас пакліканнямі

Мы жывём на зямлі, дзе ўваскрос Езус, і таму павінны захоўваць пасхальнае бачанне жыцця, у якім прысутнічаюць як крыж, так і ўваскрасенне, - сказаў арцыбіскуп Пьербаціста Піцабала.

Апостальскі адміністратар Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма распавёў Vatican News пра сітуацыю Касцёла ў Святой Зямлі ў перыяд пандэміі. Іерарх звярнуў увагу на тое, што па прычыне закрытасці межаў і абавязковага каранціну для замежнікаў, цяпер практычна не праводзяцца пілігрымкі.

Душпастырская дзейнасць ажыццяўляецца з абмежаваннямі, але супольнай малітве і ўдзелу ў літургіі дапамагаючы сучасныя тэхналогіі, якія даюць магчымасць праводзіць прамыя трансляцыі набажэнстваў. Касцёл таксама ініцыяваў фармацыю мужчын, каб маглі прыносіць св. Камунію ў сям’ю, пры адсутнасці такой магчымасці ў святароў.

Арцыбіскуп Піцабала звярнуў увагу на тое, што нягледзячы на ўсе цяжкасці і падзелы, малітва мясцовай хрысціянскай супольнасці прыносіць плёны, у тым ліку ў сферы пакліканняў да святарства. Ён распавёў пра адзінаццаць прэзбітэрскіх і васямнаццаць дыяканскіх пасвячэнняў за апошні час.

У выніку пандэміі многія хрысціяне ў рэгіёне засталіся без працы і адчуваюць эканамічныя цяжкасці. Касцёл імкнецца дапамагаць ім, дзякуючы падтрымцы шматлікіх каталіцкіх арганізацый. Дабрачынныя цэнтры былі адкрыты ў Бэтлееме, на поўначы Палестыны, ва ўсходняй частцы Іерусаліма і ў Іарданіі. Яны дазваляюць аказваць харчовую, адукацыйную і медыцынскую дапамогу.

Апостальскі адміністратар Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма заўважыў, што колькасць пілігрымаў ужо не будзе такой як раней, але наведванне Святой Зямлі застанецца для вернікаў фундаментальнай падзеяй для сустрэчы з Хрыстом на зямлі, якую Ён пазначыў сваёй прысутнасцю.
 

13 ліпеня 2020, 12:50