Кардынал Філіп Уэдраога Кардынал Філіп Уэдраога  

Кардынал: COVID-19 не спыніў канфлікты і тэрарызм у Афрыцы

“Каронавірус даў зразумець, наколькі мы ўразлівыя, незалежна ад колеру скуры і сацыяльнага статусу”, - заўважыў старшыня SECAM – Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара.

Кардынал Філіп Уэдраога заўважыў: “Тое, што адбываецца ў адной краіне, уплывае на людзей у іншай. Такім чынам, мы адна нацыя, і мы павінны клапаціцца адно пра аднаго”.

Гэтыя словы прагучалі ў спецыяльным звароце да жыхароў афрыканскага кантынента з нагоды Дня SECAM. Сімпозіум аб’ядноўвае 37 нацыянальных і 8 рэгіянальных Канферэнцый Біскупаў.

Старшыня аб’яднання падкрэсліў, што, на жаль, сітуацыя ў Афрыцы не змянілася за апошні год, і каронавірус яшчэ больш пагоршыў яе. Дадзеныя Caritas Internationalis паказваюць, што кантынент найбольш з усіх іншых пацярпеў ад уздзеяння пандэміі.

“Таму ў гэты час усе краіны Афрыкі павінны прызнаць каштоўнасць салідарнасці. Бо толькі такім чынам мы зможам лепш супрацьстаяць пандэміі і падтрымаць нашу эканоміку. Сёння, калі шмат хто знаходзіцца ў патрэбе, давайце дапаможам кожнаму адчуць любоў Бога”, - заклікаў іерарх.

Кардынал Уэдраога з сумам прызнаў, што нават смяротная чума COVID-19 не спыніла ўзброеныя канфлікты і тэрарызм у афрыканскіх краінах. Ён заклікаў да міру на кантыненце і ў свеце.
 

29 ліпеня 2020, 14:34