Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа патэлефанаваў у рымскую парафію: не забывайце пра пажылых

Вечарам 1 ліпеня 2020 г. Францішак нечакана патэлефанаваў рымскаму святару кс. Рабэрта Касана, пробашчу парафіі св. Паўла ад Крыжа, якая знаходзіцца на ўскраіне Вечнага горада.

Папа наведваў гэту парафіяльную супольнасць 12 красавіка 2018 г. Яе пробашч ужо на працягу некалькіх гадоў рэгулярна праводзіць відэатрансляцыі для вернікаў, а падчас візіту Францішка распавёў яму пра свой праект. Для святара стала вялікай нечаканасцю, калі Папа вырашыў патэлефанаваць яму менавіта падчас апошняй праграмы перад перыядам летніх водпускаў.

“Мы павінны былі выйсці ў эфір з заключным эпізодам праграмы, якую мы – разам з двума іншымі святарамі – назвалі “Сачыце за трыма ценямі”, але з-за тэхнічных праблем нічога не атрымлівалася. Прамы эфір не працаваў, усё застопарылася. У пэўны момант зазваніў мой тэлефон, я адказаў і адразу пазнаў голас Папы”, - падзяліўся кс. Касана.

У гэты момант у святара атрымалася распачаць трансляцыю, а парафіяне, якія сачылі за ёй, сталі сведкамі гэтай тэлефоннай размовы. Падчас яе Святы Айцец запэўніў вернікаў у малітве, а таксама заклікаў не пакідаць у самоце самых слабых і ўразлівых, асабліва пажылых людзей.

“Мы жывём у асаблівай рэчаіснасці, з мноствам праблем. Як парафія, мы імкнёмся быць як мага бліжэй да самотных пенсіянераў. Падчас каранціну мы часта тэлефанавалі ім, даведваліся, як у іх справы, у чым яны маюць патрэбу, стараліся прыносіць Эўхарыстыю тым, хто аб гэтым прасіў. Праз сацыяльныя сеткі мы трансліруем св. Імшы і з дапамогай нашых перадач імкнёмся складаць кампанію людзям”, - падзяліўся святар.

Ён распавёў, што заклікаў вернікаў да штодзённай малітвы за Святога Айца, каб Пан абараняў яго і падтрымліваў у цяжкасцях, аб чым сам Папа просіць вельмі часта.

04 ліпеня 2020, 08:44