“Малітва за Айчыну” Яна Паўла ІІ загучыць ва ўсёй Беларусі
“Вось ужо некалькі дзён у нашай Бацькаўшчыне працягваюцца сутыкненні паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі сілавых структур. Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве напружанасць. У выніку актыўнага супрацьстаяння пралілася кроў і ёсць шмат пацярпелых як фізічна, так і маральна. Многія з іх – гэта мірныя і нявінныя людзі рознага ўзросту”, - гаворыцца ў тэксце, апублікаваным catholic.by.
Іерархі запрасілі католікаў Беларусі далучыцца да штодзённай малітвы ў інтэнцыі Бацькаўшчыны і ўсяго народа. У бліжэйшую нядзелю, 16 жніўня ва ўсіх парафіях адбудуцца св. Імшы ў гэтай інтэнцыі, затым вернікі штодзённа будуць збірацца на агульнабеларускую адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Таксама кожны дзень набажэнствы будуць завяршацца адмысловай малітвай: біскупы прапануюць, каб гэта была “Малітва за Айчыну” Яна Паўла ІІ.