Арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ Арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ 

Нунцый: перамагчы “культуру мяча” дыялогам і мірным суіснаваннем

Большая частка насельніцтва свету жыве ў краінах, дзе свабода рэлігіі моцна абмежавана, - заўважыў Апостальскі нунцый у Францыі, арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што існаванне мучанікаў у наш час патрабуе рэакцыі Цэркваў, рэлігійных супольнасцей і дзяржаўных уладаў. Неабходна знайсці спосаб, каб “культура мяча” была пераможана “культурай дыялогу і мірнага суіснавання”.

Нунцый закрануў тэму антырэлігійнага пераследу падчас сваёй пілігрымкі на востраў Мадам, ля заходняга ўзбярэжжа Францыі, дзе знаходзіцца месца пахавання некалькіх сотняў каталіцкіх святароў, жорстка закатаваных у часы Французскай рэвалюцыі.

Прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў, што мы жывём у трывожныя часы, калі розныя хрысціянскія супольнасці падвяргаюцца сістэматычнаму пераследу з боку ўладаў сваіх краін ці экстрэмісцкіх рэлігійных арганізацый.

Арцыбіскуп Мільёрэ нагадаў, што напрыканцы мінулага стагоддзя існавала тэндэнцыя прымяншэння значэння мучаніцтва. Але падчас падрыхтоўкі да Вялікага Юбілею Ян Павел ІІ настойваў на тым, каб лёс мучанікаў ХХ стагоддзя быў добра задакументаваны. Пазней стала відавочна, што пераслед не спыніўся з заканчэннем тысячагоддзя, зусім наадварот – цягам апошніх дваццаці гадоў нават значна ўмацаваўся. Гэта падштурхоўвае Касцёл імкнуцца да рэлігійнай свабоды, хрысціянскай еднасці, сяброўству з прадстаўнікамі розных веравызнанняў і прабачэнню ў палітыцы.

Прадстаўнік Пантыфіка ў Францыі заўважыў, што мучанікі будуюць Касцёл і даюць сведчанне аб каштоўнасцях, у якіх ім было адмоўлена. У якасці прыкладу ён узгадаў кс. Жака Амеля, а. Максімільяна Кольбэ і пастара Дзітрыха фон Бонхофера. Дыпламат падкрэсліў, што пераслед з боку нацыстаў і камуністаў зблізіў хрысціян розных канфесій. Менавіта па гэтай прычыне Павел VI і Ян Павел ІІ яшчэ да Францішка казалі пра экуменічны аспект мучаніцтва. У некаторых выпадках мучаніцтва мае таксама міжрэлігійнае значэнне, сказаў нунцый, ставячы ў прыклад трапістаў з Тыбірыны, якія падзялілі лёс жыхароў Алжыра, ахвяр грамадзянскай вайны ў гэтай краіны.
 

29 жніўня 2020, 11:45