Алойзія Вёргетэр, пасол Аўстрыі ў Беларусі Алойзія Вёргетэр, пасол Аўстрыі ў Беларусі  

Збіраць і рэалізоўваць ідэі: пасол Аўстрыі ў гомельскай парафіі

Пасол Аўстрыі ў Беларусі наведвае Гомель, і 8 жніўня 2020 г. завітала ў мясцовы каталіцкі храм, Дом міласэрнасці і Дзіцячую вёску.

Спадарыня Алойзія Вёргетэр у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Vatican News адзначыла, што ў Гомелі актыўна развіваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Аўстрыяй. У прыватнасці – праз дабрачынную арганізацыю “Карытас”. Таму дыпламат усцешана, што змагла сустрэцца з ксяндзом Юрыем Варанко, пробашчам мясцовай парафіі і кіраўніком рэгіянальнай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі.

Дыпламат наведала адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасці Місіянерак Любові Маці Тэрэзы і Дзіцячую вёску – дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Гэтая сацыяльная ўстанова была пабудавана на грошы замежных спонсараў, у прыватнасці – аўстрыйскага “Caritas Linz”.

Прадстаўнік Аўстрыі адзначыла, што яе краіну непакояць наступствы Чарнобыльскай катастрофы, 35-ю гадавіну якой будуць адзначаць у наступным годзе. Таму пасол спадзяецца знайсці партнёраў, паразмаўляць з людзьмі, ацаніць уплыў катастрофы на жыццё рэгіёна ў цяперашні час.

“Хочам акцэнтаваць увагу, што наша супрацоўніцтва развіваецца не толькі з Беларуссю ў цэлым, але і з рэгіёнамі, таксама з Гомельскай вобласцю. Нас звязвае шмат агульнага. У прыватнасці, “Карытас” з’яўляецца такім добрым прыкладам нашага супрацоўніцтва. Аўстрыйскія дабрачынцы дапамагаюць беларускім, і мы вельмі рады наведаць Дзіцячую вёску. Хачу паразмаўляць з кіраўнікамі праекта і дзецьмі. Мы тут, каб збіраць ідэі і затым рэалізоўваць іх”, - падкрэсліла спадарыня Вёргетэр.

“Пасля таго, як мы больш падрабязна пазнаёмімся з гэтым наступствамі, мы маглі б праінфармаваць нашых партнёраў у Аўстрыі і сумеснымі высілкамі знайсці рашэнне тых праблем, пытанняў, якія існуюць тут”, - падзялілася дыпламат.

Пасол Аўстрыі падчас візіту ў гомельскі касцёл Нараджэння Маці Божай
Пасол Аўстрыі падчас візіту ў гомельскі касцёл Нараджэння Маці Божай

Яна патлумачыла, чаму вырашыла наведаць гомельскі касцёл Нараджэння Маці Божай: “У Аўстрыі ёсць традыцыя: калі чалавек бачыць храм, ён абавязкова павінен у яго зайсці – гэта частка культурнай спадчыны Аўстрыі. Мне вельмі падабаецца наведваць святыні розных канфесій, я адчуваю, што ў гэтых месцах адбываецца нешта, што выходзіць за межы нашага паўсядзённага жыцця. Таму заўсёды цікаўлюся святынямі, якія бачу”.

У гомельскім касцёле дыпламата асабліва ўразіла фрэска, на якой адлюстраваны сцэны Апакаліпсісу, раю і пекла, спраў міласэрнасці. Яна будзе рэкамендаваць усім аўстрыйцам, якія захочуць наведаць Беларусь, зазірнуць у гомельскі каталіцкі храм.

Паводле дыпламата, Гомельская вобласць – своеасаблівы мост паміж Беларуссю і Аўстрыяй, які пабудаваны дзякуючы супрацоўніцтву па аздараўленні дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў у Аўстрыі.

“Ужо тысячы сем’яў – беларускіх і аўстрыйскіх – пазнаёміліся паміж сабой, гэта звязвае нас вельмі моцна, і гэтая сувязь застанецца назаўсёды”, - дадала Алойзія Вёргетэр.
 

08 жніўня 2020, 16:13