Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў зварот і падзякаваў за малітву

4 верасня 2020 г. з Гродна распачалася перэгрынацыя фігуры святога Міхала Арханёла па катэдрах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.

З гэтай нагоды арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, скіраваў спецыяльны зварот. Ён быў апублікаваны на сайце catholic.by.

“Мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час, і ад таго, як мы сёння будзем дзейнічаць, залежыць наша будучыня. З самага пачатку крызісу Касцёл выступаў і працягвае выступаць за мірнае вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў. Нашай зброяй з’яўляецца Евангелле і малітва”, - падкрэсліў іерарх.

Ён нагадаў, што Евангелле вучыць сумленнаму жыццю ў праўдзе, а малітва вядзе да Бога і выпрошвае Яго міласэрнасць. “Да яе мы павінны звяртацца перад абліччам небяспечнай пагрозы падзелу нашага грамадства, які ўсё больш паглыбляецца. Хрыстус вучыць, што падзеленае грамадства не мае будучыні”, - сцвердзіў арцыбіскуп.

Мітрапаліт заўважыў, што новае жыццё немагчыма распачаць без пакаяння, якое вядзе да ўнутранай духоўнай свабоды і з’яўляецца падмуркам кожнай іншай. Ён таксама адзначыў патрэбу ў прабачэнні, міласэрнасці і справядлівасці. Арцыбіскуп нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што прабачэнне – гэта “прыкмета не слабасці, а сілы, бо, прабачаючы вінаватым перад намі, мы адначасова перамагаем саміх сябе, свой эгаізм, сваю злосць і такім чынам становімся на шлях паяднання”.

Мітрапаліт нагадаў вокліч “Quis ut Deus – Хто ж як Бог”, з якім святы Арханёл Міхал, апякун Касцёла ў Беларусі, падняўся на барацьбу са збунтаванымі анёламі і перамог іх.

“З гэтым самым воклічам сёння, у цяжкую хвіліну выпрабавання, паднімемся і мы на барацьбу з грахом, які з’яўляецца вытокам усялякага зла, каб ва ўсім панаваў Бог і ўстаноўлены Ім справядлівы лад жыцця”, - заклікаў іерарх.

Мітрапаліт заўважыў, што сваё пастырскае слова скіроўвае з-за мяжы, дзе вымушаны знаходзіцца па прычыне забароны вяртання на Радзіму. “Сваімі думкамі і малітвамі я з вамі. Дзякую за салідарную падтрымку і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання да сваёй паствы. Цяперашняе сваё становішча прымаю як Божае выпрабаванне, якое ахвярую ў інтэнцыі хутчэйшага і мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне і яе мірнай будучыні”, - напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 

05 верасня 2020, 10:08