Біскуп Юры Касабуцкі Біскуп Юры Касабуцкі 

Беларускі іерарх: сітуацыя сапраўды ненармальная

“Відавочна, што на Касцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца пераслед Касцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта не кажа”, - лічыць біскуп Юры Касабуцкі. Ён назваў сітуацыю “ненармальнай”.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прывёў факты, якія, на яго думку, сведчаць пра гэта. Першым ён назваў забарону на ўезд у Беларусь арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу: “гэта незаконна і парушае яго правы як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.

Яшчэ адной прыкметай ціску іерарх лічыць незапрашэнне католікаў, другой па колькасці вернікаў традыцыйнай канфесіі ў Беларусі, 31 жніўня 2020 г. на пасяджэнне Кансультацыйнай міжканфесійнай рады, у склад якой уваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб’яднанняў. Яна дзейнічае пры Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

“Пасля сустрэчы з намі звязаліся прадстаўнікі іншых канфесій і падзяліліся, што на нас, беларускіх католікаў, літаральна “палівалі брудам”. Відаць, прадстаўніка Касцёла не запрасілі таму, што мы заўсёды маем, што адказаць на неабгрунтаваныя прэтэнзіі”

, - прызнаўся біскуп Касабуцкі.

Трэцім фактам, на які звярнуў увагу іерарх, з’яўляюцца спробы аказання ціску на католікаў праз “незразумелыя дзеянні з боку розных дзяржаўных структур у адносінах да адной з самых вялікіх каталіцкіх парафій Мінска – касцёла святога Сымона і святой Алены, Чырвонага касцёла”.

Іерарх заклікаў католікаў аб’яднацца перад абліччам цяжкасцей. “Разам мы іх хутчэй пераадолеем. Таму яшчэ раз заахвочваю ўсіх вернікаў да трывалай малітвы і салідарнасці ў кожнай жыццёвай сітуацыі”, - сказаў ён у інтэрв’ю catholic.by.
 

02 верасня 2020, 12:46