Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік заклікаў берагчы традыцыю малітвы на Ружанцы

Францішак заклікаў вернікаў у кастрычніку прысвячаць час супольнай ружанцовай малітве як падчас набажэнстваў у касцёлах, так і ў сямейным коле.

“Мы ўступаем у кастрычнік, традыцыйна прысвечаны Маці Божай Ружанцовай. Будзьце верныя свайму звычаю маліцца на Ружанцы ў вашых супольнасцях і асабліва ў сем’ях. Разважаючы кожны дзень таямніцы жыцця Марыі ў святле збаўчай справы Яе Сына, дазвольце Ёй прысутнічаць у вашых радасцях, вашых клопатах і хвілінах шчасця. Няхай Бог благаславіць вас праз Яе рукі!”, - сказаў Папа 30 верасня 2020 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – спосаб малітвы, спалучаны з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць яго чатыры часткі – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы з’явіўся на хрысціянскім Усходзе прыкладна ў ІІІ ст. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster – ад першых слоў малітвы Ойча наш, адсюль і беларускія “пацеркі”. Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню апублікавана ў 1481 г. У XVI ст. малітва была названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі.
 

30 верасня 2020, 11:35