Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Мясцовыя епіскапаты каментуюць энцыкліку Fratelli tutti

У мясцовых біскупскіх канферэнцыях каментуюць апошнюю энцыкліку Францішка пра братэрства і грамадскае сяброўства. Fratelli tutti называецца патрабавальным тэкстам, компасам для згубленага і падзеленага свету.

“У многіх узнікне спакуса думаць, што Папа ў сваёй апошняй энцыкліцы размаўляе з іншымі, але гэта не так. Гаворачы пра ўвесь свет, ён кажа і пра кожнага з нас”, - звярнуў увагу старшыня аўстралійскага епіскапату. Арцыбіскуп Марк Колерыдж нагадвае, што мара аб з’яднанай чалавечай сям’і можа быць рэалізавана толькі дзякуючы сапраўднай мясцовай, нацыянальнай і міжнароднай салідарнасці.

“Пандэмія, як нам нагадвае Францішак, абудзіла ў нас усведамленне ўласнай далікатнасці і ўзаемазалежнасці. Калі пасля яе заканчэння мы працягнем пагружацца ў эгаізм і ліхаманкавы спажывецкі дух, мы страцім”

, - адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп прывёў важны напамін Папы аб тым, што цяперашнія падзелы і канфлікты вакол нас – гэта шлях у нікуды. “Гаворачы аб ідэалогіях, якія падзяляюць замест аб’ядноўваць, аб палітыцы, якая цэніць толькі выбраных людзей, а іншых выкідвае на сметнік, аб эканамічных сістэмах, якія ставяць у прыярытэт прыбытак, а не чалавека і планету, Францішак заклікае нас да радыкальнага абуджэння”, - падкрэсліў кіраўнік аўстралійскага епіскапату. Ён дадаў, што многія рэчы, пра якія піша Святы Айцец, могуць здацца відавочнымі, але яны адлюстроўваюць простыя рэаліі міжасобасных адносін.

Французскі арцыбіскуп Мішэль Опэці назваў энцыкліку Fratelli tutti патрабавальным тэкстам. Ён звярнуў увагу на тое, што Пантыфік з вялікай лёгкасцю піша пра самыя складаныя рэчы. “Ён не дазваляе сабе ўразіцца ілюзорнымі абмежаваннямі гэтага свету. Паказвае кожнае месца, дзе братэрству пагражае крах. Кожны можа зрабіць рахунак сумлення як чалавек, сям’я, кампанія, дзяржава наконт таго, як ісці да сапраўднага братэрства”, - падкрэсліў арцыбіскуп Парыжа.

У сваю чаргу, кардынал Гуальцьера Басэці адзначыў, што шлях, пракладзены Папам, адкрыты для ўсіх. Старшыня італьянскага епіскапату падкрэсліў, што новая энцыкліка з’яўляецца паслядоўным дадаткам да слоў і жэстаў сямі гадоў яго пантыфікату.

“Можна выразна ўбачыць два лёгкія, якія хочуць даць Касцёлу неабходнае і іншае дыханне: з аднаго боку, абвяшчэнне Бога Любові і Міласэрнасці, а з іншага, каб гэтая любоў не была абстрактнай, неабходнасць клапаціцца і несці адказнасць за іншага, за брата, за свет і ўсё стварэнне”

, - сказаў кардынал Басэці.

Адсюль напамін Святога Айца пра неабходнасць дабрыні і заклік выбудоўваць культуру сустрэчы, якая скарачае адлегласць і не патрабуе будаўніцтва новых сцен.

Старшыня епіскапату Злучаных Штатаў адзначыў, што ў сваёй энцыкліцы Францішак нагадвае нам пра тое, што Божы план адносна чалавека закранае ўсе аспекты жыцця: ад таго, як мы ставімся адзін да аднаго ў асабістых адносінах, да таго, як мы арганізоўваем і кіруем грамадствам і эканомікай.

“Аналізуючы рэаліі сучаснага свету, Святы Айцец дае нам магутнае і тэрміновае бачанне маральнага абнаўлення палітыкі і палітычных і эканамічных інстытутаў, ад мясцовых да глабальных, заклікаючы будаваць агульную будучыню, якая на самой справе служыць дабру чалавечай асобы”

, - падкрэслівае арцыбіскуп Хасэ Гомес.

Іерарх дадаў: “У сваёй энцыкліцы Папа заклікае нас пераадолець індывідуалізм нашай культуры і служыць бліжнім у любові, бачачы Езуса Хрыста ў кожным чалавеку і шукаючы грамадства справядлівасці і міласэрнасці, спагады і ўзаемнай апекі”.
 

06 кастрычніка 2020, 13:38