Пэнітэнцыярый патлумачыў сэнс дэкрэта аб адпусце за памерлых
Асноўная мэта новых правілаў – даць магчымасць вернікам атрымаць поўны адпуст у цяперашніх умовах пандэміі COVID-19. Апостальскі Пэнітэнцыярый, кардынал Маўра П’ячэнца пракаментаваў у інтэрв’ю Vatican News дэкрэт, абнародаваны 23 кастрычніка 2020 г.
Каб пазбегнуць адначасовага збірання вернікаў на могілках і ў храмах, яны змогуць наведваць месцы культу і памяці цэлы месяц, выконваючы звычайныя ўмовы, устаноўленыя Касцёлам для атрымання такога адпусту і ахвяравання яго за памерлых. Гаворка ідзе пра знаходжанне ў стане асвячальнай ласкі, прыняцце св. Камуніі і малітву ў інтэнцыях Папы.
Кардынал нагадаў, што ў звычайных умовах адпуст можна атрымаць кожны дзень з 1 па 8 лістапада, наведваючы могілкі і молячыся за тых, хто адышоў у вечнасць, а 2 лістапада таксама наведваючы храм і молячыся “Ойча наш” і “Веру”.
Пажылыя і хворыя, а таксама тыя, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выходзіць з дому ў сувязі з адміністрацыйнымі абмежаваннямі, звязанымі з пандэміяй, маюць магчымасць атрымаць адпуст молячыся Ютранню ці Нешпарамі за памерлых, Ружанцам або Каронкай да Божай Міласэрнасці ці іншымі малітвамі за памерлых, а таксама разважаючы над евангельскім урыўкам, прызначаным для літургіі за памерлых, здзяйсняючы ўчынкі міласэрнасці, ахвяруючы Богу пакуты і нястачы свайго жыцця.
Кардынал П’ячэнца нагадаў таксама аб сакавіцкім дэкрэце Пэнітэнцыярыі, які дае магчымасць атрымання поўнага адпусту хворым з каронавірусам, тым, хто праходзіць каранцін, медыцынскім работнікам і членам сям’яў, якія падвяргаюцца рызыцы заражэння, дапамагаючы хворым. Поўны адпуст могуць атрымаць і вернікі, якія ў момант смерці не змаглі прыняць сакрамэнт хворых і Віятык.
Ён таксама адзначыў важнасць інтэграцыйнага аспекту ўрачыстасцей 1 і 2 лістапада: у гэтыя дні сем’і сустракаюцца разам, каб ушанаваць памяць сваіх памерлых.
У заключэнне кардынал П’ячэнца адзначыў, што ў нашы дні “мы пакліканы жыць упэўненасцю ў славе і вечным благаслаўленні, з пакорай і даверам просячы прабачэння для тых, хто пакінуў нас, за іх малыя і вялікія памылкі, за тых, хто ўжо быў збаўлены ў любові”.
Адпуст (лац. indulgentia), у тэалагічным значэнні – ласка Духа Святога, якая вылечвае ад наступстваў граху. З касцёльна-прававога пункту гледжання – вызваленне ад часовага пакарання за грахі, у якіх грэшнік ужо пакаяўся і віна за якія яму была дараваная ў сакрамэнце споведзі. Гэта вызваленне хрысціянін атрымлівае дзякуючы пасрэдніцтву Хрыста і малітоўнаму заступніцтву святых.