Францішак на могілках у Нэтуна. Ілюстрацыйнае фота Францішак на могілках у Нэтуна. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: поўны адпуст для памерлых у лістападзе

У сувязі з пандэміяй сёлета на працягу ўсяго лістапада будзе магчымасць атрымаць поўны адпуст для памерлых вернікаў. Адмысловы дэкрэт Апостальскай пэнітэнцыярыі быў абнародаваны 23 кастрычніка 2020 г.

Рашэнне было прынята ў адказ на просьбы многіх пастыраў і з дазволу Папы. У паведамленні тлумачыцца, што яго мэта – пазбегнуць збірання людзей у тых рэгіёнах і месцах, дзе гэта забаронена па прычыне пандэміі.

У спецыяльным дэкрэце сцвярджаецца, што магчымасць атрымання поўнага адпусту тымі, хто наведае могілкі і памоліцца за памерлых, нават толькі ў думках, устаноўленая выключна ў дні з 1 па 8 лістапада, сёлета можа быць перанесена на іншыя дні гэтага месяца да самага яго заканчэння. Гэтыя дні, свабодна абраныя вернікамі, не абавязкова павінны ісці па парадку.

Магчымасць атрымання поўнага адпусту 2 лістапада, устаноўленая з нагоды ўспаміну Усіх памерлых вернікаў, тымі, хто з пабожнасцю наведае касцёл ці капліцу і памоліцца “Ойча наш” і “Веру”, можа быць перанесена не толькі на нядзелю перад ці пасля ўрачыстасці Усіх Святых, але і на іншы дзень лістапада, які вернікі могуць выбраць самастойна.

Пажылыя людзі, хворыя і тыя, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выходзіць з дому, напрыклад, у сувязі з абмежаваннямі, накладзенымі кампетэнтнымі ўладамі на перыяд пандэміі, каб пазбегнуць збірання вялікай колькасці вернікаў у святых месцах, таксама могуць атрымаць поўны адпуст.

Для гэта трэба: духоўна з’яднаўшыся з іншымі вернікамі і не маючы прывязанасці да граху, з інтэнцыяй як мага хутчэй выканаць тры звычайныя ўмовы (сакрамэнтальная споведзь, прыняцце св. Камуніі і малітва ў інтэнцыях Святога Айца), пабожна памаліцца за памерлых перад абразом Езуса ці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэта можа быць Ютрань і Нешпары за памерлых, Ружанец, Каронка да Божай Міласэрнасці ці іншыя, найбольш дарагія вернікам малітвы за памерлых, або разважанне над евангельскім урыўкам, прызначаным для літургіі за памерлых, або здзяйсненне ўчынку міласэрнасці, ахвяруючы Богу пакуты і нястачы свайго жыцця.

Святары заклікаюцца з асаблівай вялікадушнасцю прысвяціць сябе служэнню ў канфесіянале і ўдзяленню св. Камуніі хворым. Пэнітэнцыярыя нагадвае пра актуальнасць Дэкрэта аб сакрамэнце пакаяння ў сітуацыі пандэміі ад 19 сакавіка 2020 г.

Акрамя таго, усе святары запрашаюцца тройчы цэлебраваць св. Імшу ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, згодна з Апостальскай канстытуцыяй “Incruentum Altaris” Бэнэдыкта XV ад 10 жніўня 1915 г.

Дэкрэт дзейнічае на працягу ўсяго лістапада, калі не будзе іншых распараджэнняў. Ён быў падпісаны 22 лістапада 2020 г., ва ўспамін св. Яна Паўла ІІ.

Адпуст (лац. indulgentia), у тэалагічным значэнні – ласка Духа Святога, якая вылечвае ад наступстваў граху. З касцёльна-прававога пункту гледжання – вызваленне ад часовага пакарання за грахі, у якіх грэшнік ужо пакаяўся і віна за якія яму была дараваная ў сакрамэнце споведзі. Гэта вызваленне хрысціянін атрымлівае дзякуючы пасрэдніцтву Хрыста і малітоўнаму заступніцтву святых.
 

23 кастрычніка 2020, 13:11