Пантыфік прызначыў новага дэлегата пры Мальтыйскім Ордэне
Святы Айцец скіраваў ліст да новапрызначанага іерарха, у якім заклікаў яго супрацоўнічаць з выконваючым абавязкі Назіральніка і Вялікага Каменданта Ордэна, а таксама з будучым Вялікім магістрам.
Пасля смерці папярэдняга Вялікага магістра, брата Джакама Дала Торэ дэль Тэмп’ё дзі Сангвінэта, які адышоў у вечнасць 29 красавіка 2020 г. у 75-гадовым узросце, пасада застаецца вакантнай.
З лютага 2017 г. Спецыяльным делегатам пры Мальтыйскім Ордэне быў кардынал Анджэла Марыя Бэчу, які напрыканцы верасня сышоў у адстаўку і адмовіўся ад усіх кардынальскіх прывілей.
Пантыфік заўважыў, што арцыбіскуп Тамазі “надзяляецца ўсімі неабходнымі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў, якія могуць узнікнуць падчас выканання яго місіі”, у тым ліку для прыняцця прысягі наступнага Вялікага магістра. Ватыканскі дыпламат будзе таксама “выключным прадстаўніком Папы ва ўсіх справах, што тычыцца адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Мальтыйскім Ордэнам”.
“Прашу Вас выконваць служэнне майго дэлегата да завяршэння працэсу абнаўлення Канстытуцыйнай хартыі і Мальтыйскага кодэкса, а таксама пакуль я буду лічыць гэта карысным для Ордэна”, - напісаў Святы Айцец.
80-гадовы арцыбіскуп Сільвана Марыя Тамазі – іерарх з вялікім досведам. Ён пачаў сваё служэнне Святому Пасаду ў 1989 г. з працы ў Папскай радзе пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Быў нунцыем у Эфіопіі, Эрытрэі, Джыбуці, Пастаянным назіральнікам Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе і Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Прадстаўніком Апостальскай Сталіцы пры Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
26 кастрычніка 2020 г. Папа назваў імя арцыбіскупа Тамазі сярод тых, хто атрымае кардынальскую годнасць падчас кансісторыя 28 лістапада.