Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: Папа прыедзе ў Ірак з пасланнем братэрства

Паведамленне пра візіт Францішка ў Ірак у пачатку сакавіка 2021 г. выклікала слёзы радасці і эмоцый у многіх яго жыхароў, - напісаў кардынал Фернанда Філоні ў “L’Osservatore Romano”.

Іерарх адзначыў, што, хоць гэтага чакалі даўно, афіцыйная навіна з дакладнай датай: 5-8 сакавіка 2021 г., стала вялікай нечаканасцю. 74-гадовы італьянскі кардынал – Вялікі магістр Рыцарскага Ордэна Гроба Пана ў Іерусаліме – быў у 2001-06 гадах Апостальскім нунцыем у Іраку.

Ён адзначыў, што з геапалітычнага пункту гледжання Ірак з’яўляецца своеасаблівым “шарнірам” паміж Блізкім Усходам і Цэнтральнай і Заходняй Азіяй. Урадлівасць яго зямель, дзякуючы дзвюм вялікім рэкам Еўфрат і Тыгр, у спалучэнні з багатымі радовішчамі нафты, ляжала ў аснове вялікага благаслаўлення, але таксама войнаў і пакут.

“Папа знойдзе ў глыбінях гэтай зямлі, прасякнутай крывёю пасля незлічоных канфліктаў, гісторыю, якая моцна абцяжарвае людзей, якія тут жывуць”

, - лічыць ватыканскі дыпламат.

Філоні адзначыў, што за апошнія сто гадоў колькасць хрысціян там паступова і рэзка скарачалася. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму яны ў асноўным засялялі Багдад, які як сталіца адкрываў найбольшыя магчымасці для працы, Нінэвійскую раўніну і Паўночны Курдыстан. Менавіта тут тасканскія дамініканскія місіянеры склалі першы слоўнік і граматыку курдскай мовы ў 1787 г. Гэта супольнасць, якая на працягу стагоддзяў прыстасавалася да цяжкага суіснавання, аўтарытарнага ціску, прымусовых шлюбаў і абмежаванняў, дыскрымінацыі і ўчынкаў нянавісці, нецярпімасці і зайздрасці, а ў апошнія гады і пераследу.

Па словах былога прэфекта Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, Папа прывядзе з сабой вестку аб магчымасці суіснавання на аснове братэрства, якога патрабуе зямля Абрагама – сучасны Ірак. Каталіцкі Касцёл, які прысутнічае там у розных абрадах: лацінскім, халдэйскім, армянскім і сірыйскім, а таксама Усходнія Цэрквы, разам са шматлікімі меншасцямі сталі вешчунамі такога суіснавання, заснаванага на павазе да ўсіх грамадзян, незалежна ад іх веравызнання.

Кардынал Філоні выказаў перакананасць у тым, што запланаваны візіт Святога Айца стане заахвочваннем да будавання Ірака як краіны грамадзянскага суіснавання і поўнай павагі.
 

16 снежня 2020, 10:47