Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: блізкасць і салідарнасць з народам Венесуэлы

Папа напісаў ліст да кардынала Балтазара Энрыке Пораса Кардоса, у якім выказаў блізкасць да венесуэльскага народа перад абліччам выклікаў, звязаных з пандэміяй і беднасцю.

Кароткае і шчырае пасланне да арцыбіскупа Мерыды і Апостальскага адміністратара Каракаса Святы Айцец прымеркаваў да імянінаў, якія іерарх адзначаў 6 студзеня. Пантыфік скарыстаўся нагодай, каб запэўніць у блізкасці народ Венесуэлы ў перыяд складанага гуманітарнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу, абцяжаранага распаўсюджваннем каронавіруса.

Папа пажадаў кардыналу Балтазару Кардосу Божых дароў сілы і праніклівасці, каб “з бацькоўскім сэрцам суправаджаў і суцяшаў святы верны народ, што праходзіць праз выпрабаванні, выкліканыя пандэміяй, высакамернасцю магутных і ростам беднасці”.

Францішак нагадаў, што ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, на якую прыпадаюць імяніны венесуэльскага іерарха, гэта “дзень аб’яўлення пакоры Бога, якая становіцца святлом, што перамагае цемру”. Папа падзякаваў яму за служэнне і запэўніў у сваім благаслаўленні.

Віншаванні кардыналу Кардосу скіравалі таксама кардынал П’етра Паралін, які перад прызначэннем на пасаду Дзяржаўнага Сакратара быў Апостальскім нунцыем у Венесуэле, і Субстытут па агульных справах, арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара, які паходзіць з Венесуэлы.

На гэтым тыдні Канферэнцыя Біскупаў Венесуэлы праводзіць чарговае пасяджэнне. Па прычыне пандэміі яно адбываецца ў фармаце анлайн-канферэнцыі. У цэнтры ўвагі іерархаў знаходзяцца пытанні, звязаныя з сітуацыяй у краіне і падтрыхтоўкай да ІІ Нацыянальнай душпастырскай асамблеяй. Плануецца, што на заканчэнне нарады, 11 студзеня, біскупы скіруюць да Касцёла і народу Венесуэлы свой пастырскі зварот.
 

08 студзеня 2021, 09:15