Брат Алаіз з удзельнікамі сустрэчы Тэзэ. Ілюстрацыйнае фота Брат Алаіз з удзельнікамі сустрэчы Тэзэ. Ілюстрацыйнае фота 

Завяршылася 43-я Еўрапейская сустрэча Тэзэ – яна прайшла анлайн

Завяршылася 43-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная Супольнасцю Тэзэ. З прычыны пандэміі форум прайшоў не ў Турыне, як планавалася раней, а ў інтэрнэце.

Удзельнікі разважалі на тэму, прапанаваную братам Алаізам, прыёрам Супольнасці, на 2021 год: “Мець надзею своечасова і несвоечасова”. Гэта было першае навагодняе чуванне ў духу Тэзэ, якое прайшло цалкам анлайн. Удзел у ім прынялі каля 2 тыс. чалавек., моладзь з усяго свету.

“Дзякуючы імгненным паведамленням і сацыяльным сеткам мы змаглі правесці семінары, біблійныя разважанні і малітвы, якія трансліраваліся ў прамым эфіры з Храма Прымірэння ў Тэзэ. Невялікія групы абмену збіраліся ў інтэрнэце, а таксама офлайн, у месцах, адкуль моладзь сачыла за нашай сустрэчай. Мы шчыра спадзяёмся, што сустрэча ў Турыне, адмененая сёлета, збярэ моладзь у наступным годзе”, - сказаў Vatican News брат Мацей з Тэзэ.

Францішак накіраваў пасланне ўдзельнікам віртуальнага чування, у якім запэўніў маладых, што суправаджае іх думкамі і малітвай. “Жадаю вам, каб гэтыя дні дапамаглі вам захаваць надзею як у добрыя, так і ў дрэнныя часы”, - напісаў Святы Айцец. Ён заклікаў маладых людзей не засяроджвацца выключна на асабістым камфорце і бяспецы жыцця. Такое стаўленне звужае далягляд і не дазваляе адкрыцца для вялікіх ідэалаў, што робяць жыццё больш прыгожым і годным.

Супольнасць Тэзэ базуецца ў аднайменнай вёсцы ў французскай Бургундыі. Яна складаецца з каля ста манахаў – католікаў і пратэстантаў – з больш чым трыццаці краін свету. Сваім жыццём яны сведчаць хрысціянскае адзінства ў кантэксце падзелаў, якія існуюць паміж людзьмі і народамі.
 

02 студзеня 2021, 11:45