Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Еўрапейскі іерарх пра форму касцёльнага жыцця пасля пандэміі

Пандэмія, якая атручвае наша жыццё, ставіць пытанне аб выжыванні такой формы Касцёла, якую мы ведалі да гэтага часу, - такое меркаванне выказаў арцыбіскуп Люксембурга, кардынал Жан-Клод Олерыш.

У велікапосным пастырскім лісце іерарх звярнуў увагу на тое, што ў пандэмію парафіяльнае жыццё практычна перастала існаваць, катэхеза адбываецца толькі часткова, праца касцёльных аб'яднанняў паралізавана. “Мы ўсе пакутуем у гэтай сітуацыі і не можам прыняць яе”, - адзначыў іерарх, заклікаючы глядзець глыбей, каб “не выпусціць з-пад увагі сутнасць нашага хрысціянскага жыцця: адданасць Езусу Хрысту”.

Такім чынам, мы павінны выкарыстаць гэты час, каб выпрацаваць "новы і радасны погляд на веру". Кардынал Олерыш прапанаваў пачаць з "жыватворнага паслання Хрыста, разважання над Яго смерцю і ўваскрасеннем, святкавання гэтага з радасцю". Такім чынам зразумеем, што "мы не можам заставацца інертнымі".

Іерарх паставіў у прыклад св. Юзафа, “аднаго з першых вучняў Езуса” і “чалавека дзеяння”, які вучыць, што значыць “па-новаму глядзець на веру”.

Касцёл, які "шчыра дзень за днём выбірае наследаванне Хрыста”, не загіне, - запэўніў старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).
 

23 лютага 2021, 12:28