Тыдзень у Беларусі – самае важнае
За першай нядзелі Вялікага посту ў Віцебскай дыяцэзіі пачалі дзейнічаць новыя правілы. Біскуп Алег Буткевіч выдаў дэкрэт, у якім пастанавіў увесці прыняцце св. Камуніі толькі ўкленчыўшы – за выключэннем асобных сітуацый. А святарам біскуп прадпісаў паклапаціцца аб усталяванні перад прэзбітэрыем балясак – дзе гэта магчыма. Таксама ардынарый забараніў апладысменты падчас літургіі і ўвогуле ў кожным касцёльным будынку, дзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамант. Гэтыя захады павінны спрыяць больш глыбокаму перажыванню літургіі, гаворыцца ў дэкрэце.
Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец 22 лютага наведаў Магілеў. Там іерарх сустрэўся з духавенствам і кансэкраванымі асобамі рэгіёна. Гаворка ішла пра асабістую падрыхтоўку духавенства і кансэкраваных асоб да Вялікадня. Таксама біскуп Велікаселец сустрэўся са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам. Падчас сустрэчы размаўлялі аб статусе магілёўскага касцёла св. Станіслава – па-ранейшаму стаіць пытанне перадачы яго парафіянам. Абмеркавалі і праблему вернікаў Бабаруйска – далейшы лёс прыбудовы да касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Стала вядома аб праблеме з будучым Домам міласэрнасці для пажылых людзей пад Гродна. Гэта праект дабрачыннага каталіцкага таварыства Карытас Гродзенскай дыяцэзіі. Будынак, дзе плануецца размясціць установу, трэба капітальна адрамантаваць і аднавіць. Карытас заключыў дамову на будаўнічыя працы з мясцовым прадпрыемствам, але ў выніку будаўнічая арганізацыя падала ў суд. У дабрачыннай арганізацыі кажуць, што ў дамове была прапісаная так званая нязменная цана работ, аднак у нейкі момант будаўнікі выставілі рахунак на большую суму – і да такога павароту спраў Карытас быў не гатовы. У выніку бакі сустрэліся ў судзе, які пастанавіў спагнаць з дабрачыннай арганізацыі грошы. Там гавораць, што каб сплаціць доўг, давядзецца спыніць усе праграмы, а саму арганізацыю ліквідаваць. На рахункі і ўласнасць Карытас накладзены арышт. Таму арганізацыя звярнулася ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці з просьбай аб адтэрміноўцы і растэрміноўцы аплаты ўсёй сумы запазычанасці. Растэрміноўку далі, а ў адтэрміноўцы адмовілі. Карытас накіраваў апеляцыю на гэтае рашэнне.
Мабільны дадатак Спеўнік для прылад з аперацыйнай сістэмай Android выпусціла каталіцкая моладзь з Браслава. Гэта першы ў сваім родзе дадатак, у якім сабраныя найбольш папулярныя каталіцкія песні – як на рускай, так і на беларускіх мовах. Аплет дае магчымасць ствараць уласныя спісы з абраных песень. Распрацоўшчыкі абяцаюць, што Спеўнік будзе пастаянна абнаўляцца, з’явяцца новыя песні. Гэта выдатная альтэрнатыва і замена папяровых зборнікаў. Ён зручны ў выкарыстанні, мае маментальны пошук па назвах песень. Дадатак атрымаў пяць балаў з пяці і станоўчыя каментары карыстальнікаў.
Падрыхтавана паводле catholic.by, catholicnews.by, tut.by і ўласнай інфармацыі.