Айцец Леў Гарошка падчас выканання душпастырскіх абавязкаў Айцец Леў Гарошка падчас выканання душпастырскіх абавязкаў 

110-гадоў з дня нараджэння айца Льва Гарошкі

11 сакавіка 2021 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння айца Льва Гарошкі – святара, інтэлектуала, грамадскага дзеяча і журналіста, шматгадовага кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Дзейнасць айца Гарошкі не мае шырокага прызнання ў Беларусі, як і дзейнасць многіх іншых беларускіх святароў, якія працавалі на ніве духоўнага і нацыянальнага абуджэння народа. Аднак, спадчына, пакінутая гэтым руплівым пастырам, заслугоўвае самай вялікай увагі. На працягу жыцця ён выдаў дзясяткі кніг па гісторыі, філасофіі, тэалогіі і мовазнаўстве, прапаведаваў, навучаў, спрыяў захаванню цікавасці да ўласных каранёў сярод беларусаў на Радзіме і ў замежжы.

Айцец Гарошка нарадзіўся 11 лютага 1911 г. у сялянскай сям’і ў Навагрудскім павеце. Пасля заканчэння беларускай гімназіі, паступіў у Львоўскую духоўную акадэмію, потым вывучаў тэалогію ў аўстрыйскім Інсбруку. У 1937 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу ў каталіцкіх парафіях усходняга абраду на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі. Добра адукаваны беларускі святар лічыўся палітычна ненадзейным у Другой Рэчы Паспалітай, таму пастаянна знаходзіцца пад кантролем паліцыі.

Праз два гады распачалася Другая сусветная вайна. Айцец Гарошка працягваў несці служэнне як святар і педагог. Вядомы выпадак, калі ён уратаваў моладзь ад вывазу ў працоўныя лагеры на тэрыторыі Германіі, пасля чаго быў арыштаваны акупацыйнымі ўладамі.

У 1944 г. разам з многімі тысячамі беларусаў, якія не жадалі трапіць пад савецкі тэрор, апынуўся ў эміграцыі. Займаўся душпастырствам сярод беларусаў у Германіі і Францыі. Да 1958 г. жыў у Парыжы, дзе заснаваў рэлігійна-грамадскі часопіс Божым шляхам, які выдаваўся амаль 40 гадоў. Таксама ён падрыхтаваў аднайменны малітоўнік, якім да сённяшняга дня карыстаюцца вернікі.

У 1959 г. айцец Гарошка прыехаў у Рым, дзе ўступіў у Кангрэгацыю Айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а на наступны год узначаліў Беларускую каталіцкую місію ў Лондане. На гэтай пасадзе, аднак, ён не прабыў доўга. І справа ў тым, што святар прагнуў па-сапраўднаму рэалізаваць сваё пакліканне каталіцкага прапаведніка, публіцыста і журналіста. Такая магчымасць у яго з’явілася ў 1970 г., калі ён стаў кіраўніком Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

За сем гадоў плённага служэння Гарошка падрыхтаваў некалькі ўнікальных цыклаў праграм, прысвечаных хрысціянству ў беларускай літаратуры, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, знаёміў вернікаў з думкамі вялікіх навукоўцаў, астраномаў, кампазітараў аб Богу і рэлігіі. Гэта спадчына яшчэ толькі пачынае прыцягваць увагу навукоўцаў.

Святар прызнаваўся, што “намагаецца рабіць усё магчымае, каб забяспечыць рэлігійныя патрэбы беларускага народа”. Яго прыклад працягвае натхняць мноства душпастыраў, а яго дзейнасць з’яўляецца важнай вяхой у гісторыі каталіцкай журналістыкі ў Беларусі.
 

11 сакавіка 2021, 10:27