Лагатып Года сям’і Amoris Laetitia Лагатып Года сям’і Amoris Laetitia  

Святы Пасад: вэбінар да пяцігоддзя адгартацыі Amoris Laetitia

19 сакавіка 2021 г., ва ўрачыстасць св. Юзафа і дзень, калі ў паўсюдным Касцёле распачнецца год, прысвечаны сям’і, Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця правядзе вэбінар на тэму Нашая штодзённая любоў.

Анлайн-форум афіцыйна адкрые святкаванні, прымеркаваныя да пяцігоддзя з дня публікацыі Апостальскай адгартацыі папы Францішка Amoris Laetitia.

У рамках вэбінара адбудуцца дзве сустрэчы: у першай прымуць удзел кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, прэфект узгаданай Дыкастэрыі, і кардынал Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі; другая – больш тэалагічнага характару – збярэ для дыялогу шэраг экспертаў і дацэнтаў у галіне сямейных адносін. Запланавана таксама пасланне папы Францішка да ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.

Amoris Laetitia – гэта жывы і складаны дакумент, які быў пасеяны ў глебу гісторыі Касцёла і, як і кожнае зерне, патрабуе клопату і ўвагі. Год, прысвечаны гэтай Апостальскай адгартацыі, быў задуманы Папам для таго, каб убачыць уплыў гэтага дакумента на сямейныя стасункі”, - сказаў Джавані Чэзарэ Пагацы, прафесар эклезіялогіі і сямейнай супольнасці ў Папскім тэалагічным інстытуце імя св. Яна Паўла II.

На думку святара, арганізацыя вэбінара “з’яўляецца таксама належным адказам на іншае запрашэнне, якое Папа зрабіў у дакуменце Veritatis Gaudium, заклікаўшы да осмасу паміж багаслоўскай і душпастырскай працай. І гэта вынік супрацоўніцтва паміж трыма рознымі структурамі, з’яднанымі адным жаданнем”.

Год сям’і Amoris Laetitia (l’Anno ‘Famiglia Amoris Laetitia’) распачнецца ў Каталіцкім Касцёле 19 сакавіка 2021 г. і завершыцца 26 чэрвеня 2022 г., у X Сусветную сустрэчу сем’яў.
 

16 сакавіка 2021, 09:31