Барталамей І сярод праваслаўных іерархаў Барталамей І сярод праваслаўных іерархаў 

Барталамей І пра глабальную малітву аб перамозе над COVID-19

Патрыярх Канстантынопальскі ў сваім лісце на Вялікі пост заклікаў свет маліцца разам аб пераадоленні пандэміі каронавіруса і хуткай ліквідацыі яе сацыяльных і эканамічных наступстваў.

Са сваёй штаб-кватэры ў Фанары ў Стамбуле ганаровы кіраўнік праваслаўя спаслаўся таксама на рэлігійную палітыку турэцкіх уладаў, звярнуўшыся да вернікаў з просьбай маліцца аб адраджэнні духоўнай школы ў Халкі, "якая маўчыць вось ужо 50 гадоў у выніку несправядлівага загаду ўладаў".

Размешчаная на востраве Халкі ў Мармуровым моры, найважнейшая тэалагічная ўстанова Усяленскага Патрыярхату была закрыта ў 1971 г. па загадзе ўладаў у Анкары. Для сусветнага праваслаўя семінарыя і калегіум доўгі час былі адным з найважнейшых цэнтраў адукацыі багасловаў, адкрытых для экуменізму.

У сваім пастырскім лісце Барталамей I таксама звяртае ўвагу на больш глыбокі і сапраўдны сэнс Вялікага посту, які ў многіх Праваслаўных Цэрквах пачаўся ў гэтым годзе 15 сакавіка.

Патрыярх задаў рытарычнае пытанне, чаму падчас пандэміі і звязаных з ёй абмежаванняў Царква ўводзіць чарговы "каранцін" у выглядзе 40-дзённага посту. Ён растлумачыў, што гаворка ідзе не пра яшчэ большае абмежаванне вернікаў дадатковымі правіламі і забаронамі. Наадварот, справа хутчэй у тым, каб праз Вялікі пост "напоўніць пандэмічны каранцін сэнсам”.

Пост азначае не ўстрымання проста ад пэўнай ежы, а хутчэй ад "усіх звычак, якія звязваюць нас са светам". І гэта не выраз пагарды да свету, але "неабходная ўмова для аднаўлення нашых адносін з ім і для перажывання непаўторнай радасці новага адкрыцця свету як прасторы для сведчання Хрыста. Таму Вялікі пост – гэта ўжо Вялікдзень. Ён не прыгнятае, але ў канчатковым выніку вызначае "атмасферу радасці".

Чалавечая вера – гэта адказ Богу, Які сыходзіць да нас, бо любіць чалавека. З гэтай Божай ласкі нараджаюцца любоў і салідарнасць з бліжнімі і клопат пра стварэнне. "Калі гэтая братэрская любоў і служэнне Богу ў стварэнні спыняюцца, мой бліжні становіцца "маім пеклам", і асоба становіцца ахвярай гэтых ірацыянальных сіл, якія робяць яе аб'ектам эксплуатацыі і асяроддзем, варожым для чалавека", - заявіў ганаровы кіраўнік праваслаўя.

Патрыярх Барталамей І таксама заклікаў да прымірэння і маральнай чысціні. Ён выступіў супраць "закрытай духоўнасці", што цягне за сабой непрыманне і дэвальвацыю "іншага" і свету. “Такія крайнасці могуць узнікнуць асабліва ў крызісныя часы, калі Царква заклікае сваіх вернікаў да духоўнай фармацыі і пільнасці. Аднак сапраўднае духоўнае жыццё – гэта шлях унутранага адраджэння, сардэчнага падыходу да бліжняга і прымірэння”, - напісаў Патрыярх Канстантынопальскі.
 

16 сакавіка 2021, 13:34