Дзяржсакратар: Касцёл у М’янме павінен спрыяць мірнаму працэсу
Дзяржсакратар Яго Святасці Папы скіраваў ліст да арцыбіскупа Янгона, кардынала Чарльза Бо. Ён пажадаў, каб Касцёл у М’янме пераказаў усяму народу заклапочанасць і любоў Францішка.
Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка папрасіў перадаць яго ліст усім бакам канфлікту, а таксама заклікаў аб’яднацца дзеля пошуку найбольшага дабра для ўсіх, у першую чаргу, каб задаволіць спадзяванні і гарантаваць годнасць новых пакаленняў. Кардынал Паралін заклікаў каталіцкую супольнасць у М’янме не шкадаваць сіл у спрыянні міру.
Іерарх нагадаў, што Папа неаднаразова скіроўваў заклікі адносна сітуацыі ў М’янме, заахвочваючы кіраўнікоў дзяржавы служыць агульнаму дабру, садзейнічаць сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнай стабільнасці для гарманічнага дэмакратычнага суіснавання. Францішак таксама звяртаўся да міжнароднай супольнасці з просьбай прыкласці намаганні для таго, каб “памкненні народу М’янмы не былі задушаны насіллем”.