Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар: Касцёл у М’янме павінен спрыяць мірнаму працэсу

Святы Айцец з заклапочанасцю і братэрскай салідарнасцю сочыць за сітуацыяй у М’янме і заклікае Касцёл у гэтай краіне спрыяць мірнаму працэсу, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы скіраваў ліст да арцыбіскупа Янгона, кардынала Чарльза Бо. Ён пажадаў, каб Касцёл у М’янме пераказаў усяму народу заклапочанасць і любоў Францішка.

Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка папрасіў перадаць яго ліст усім бакам канфлікту, а таксама заклікаў аб’яднацца дзеля пошуку найбольшага дабра для ўсіх, у першую чаргу, каб задаволіць спадзяванні і гарантаваць годнасць новых пакаленняў. Кардынал Паралін заклікаў каталіцкую супольнасць у М’янме не шкадаваць сіл у спрыянні міру.

Іерарх нагадаў, што Папа неаднаразова скіроўваў заклікі адносна сітуацыі ў М’янме, заахвочваючы кіраўнікоў дзяржавы служыць агульнаму дабру, садзейнічаць сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнай стабільнасці для гарманічнага дэмакратычнага суіснавання. Францішак таксама звяртаўся да міжнароднай супольнасці з просьбай прыкласці намаганні для таго, каб “памкненні народу М’янмы не былі задушаны насіллем”.
 

15 сакавіка 2021, 13:30