Праваслаўны Мітрапаліт дзякуе Пантыфіку за візіт у Ірак
Мітрапаліт Гатас (Хазім) адзначыў, што дзякуючы Святому Айцу хрысціяне зноў адчулі сябе паўнапраўнымі грамадзянамі Ірака. “Для нас словы Папы – вялікае суцяшэнне і ажыўленне. Нам патрэбная толькі надзея на будучыню”, - сказаў Vatican News іерарх Антыахійскай Праваслаўнай Царквы.
“Як хрысціяне, мы зараз слабыя ў Іраку. Гэта паломніцтва дае нам сілы, прымушае адчуць, што мы не самотныя. У мяне склалася ўражанне, што да гэтага часу мы не думалі пра будучыню краіны, у нас не было надзеі, што мы зможам аднавіцца пасля столькіх бедстваў. Цяпер сярод нас знаходзіцца Папа, і яго словы глыбока кранаюць сэрцы ўсіх іракцаў. Я перакананы, што яго пасланне пра мір, пра тое, наколькі дрэнная вайна, пра забойствы і гвалт, глыбока ўвойдзе ў сэрцы тых, хто знаходзіцца ва ўладзе”, - адзначыў Мітрапаліт.
Праваслаўны іерарх лічыць, што ў працэсе адбудовы іракскай нацыі надзвычай важны міжрэлігійны дыялог, вялікім энтузіястам якога з'яўляецца Францішак. Гэта добра было бачна падчас візіту: прадстаўнікі ўсіх рэлігій, якія прысутнічаюць у Іраку, маглі сустрэцца з Папам.
“Ён дэманструе нам, што кожны чалавек заслугоўвае павагі, і пачынаць трэба ад сваіх суседзяў. Мы ўсе разам жывём у Іраку. Мы тут, каб жыць разам, а не ненавідзець адно аднаго і быць адно супраць аднаго”, - падкрэсліў Мітрапаліт Антыахійскай Праваслаўнай Царквы.