Абраз Маці Божай Гомельскай Абраз Маці Божай Гомельскай 

Тыдзень у Беларусі – самае важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае цікавае з жыцця беларускіх католікаў.

Да магчымай трэцяй хвалі пандэміі каронавірусу ўстановам аховы здароўя дапамагаюць рыхтавацца католікі. Дзякуючы фінансавай дапамозе Польскай народнай фундацыі і іншых спонсараў, Дабрачынная каталіцкая арганізацыя Сaritas Гродна набыла вялікую колькасць сродкаў медыцынскага прызначэння для абароны ад СOVID-19: пальчаткі, антысептыкі, аднаразовыя маскі, дэзінфікуючыя сродкі для апрацоўкі паверхняў і многае іншае. Усё гэта накіроўвалі і будуць накіроўваць у медыцынскія ўстановы, дзіцячыя шпіталі, паліклінікі і парафіі. У межах спонсарскай дапамогі летась у медыцынскія ўстановы горада і вобласці перадавалі канцэнтратары кіслароду, ахоўныя касцюмы, рэспіратары, маскі і дэзінфікуючыя сродкі. Сaritas аказаў дапамогу больш чым 10 раёнам, наведаў каля 50 гарадоў і вёсак.

У Беларусі ўстаноўлены Юбілейныя касцёлы, пры наведванні якіх можна атрымаць поўны адпуст у Год святога Юзафа – у перыяд з 19 сакавіка па 8 снежня 2021 г. Ужо вядомыя спісы святыняў у Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзіях. Умовы для атрымання поўнага адпусту пры наведванні святыняў – звычайныя: сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца. Таксама поўны адпуст вернікі могуць атрымаць пры выкананні ўмоваў, згодна з адпаведным дэкрэтам Апостальскай Пэнітэнцыярыі. Перажыванне Году святога Юзафа ў юбілейных касцёлах дыяцэзій будзе суправаджацца адмысловымі набажэнствамі ў гонар Абранніка Панны Марыі, адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, іншымі набажэнствамі.

Малітву да Маці Божай Гомельскай склаў біскуп Казімір Велікаселец, цяперашні часовы Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Раней іерарх служыў у Гомелі і займаўся будаўніцтвам новага касцёла. На месцы будоўлі цяпер знаходзіцца капліца парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У ёй захоўваецца абраз будучай святыні – Маці Божай Гомельскай, названы так біскупам Казімірам.

Тэкст малітвы нядаўна зацвердзіў старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ксёндз доктар Ян Крэміс. Парафіянаў і ўсіх жадаючых запрашаюць штодня чытаць гэтую малітву пасля Ружанца. Парафія плануе надрукуюць абразікі з выявай Маці Божай Гомельскай і тэкстам малітвы да яе.

У Лідзе адзначылі 78-ю гадавiну смерцi 9 святароў, якія загінулі ад рук нацыстаў у часы Другой сусветнай вайны. Святароў расстралялі ў Папяльцовую сераду 10 сакавіка 1943 г. Парафіяне паклапаціліся аб тым, каб знайсці іх целы і годна пахаваць. Пасля 1960 г. парэшткі перанеслі на старыя слабадскія могілкі. На супольнай магіле быў устаноўлены помнік з імёнамі святароў-мучанікаў.

Арышты духавенства ў Лідзе і ваколіцах падчас Другой сусветнай вайны былі часткай дзейнасці нацыстаў, накіраванай супраць польскага насельніцтва. Прыйшоўшы на гэтыя землі, яны спачатку заняліся ліквідацыяй камуністаў, затым яўрэяў і нарэшце распачалі знішчэнне польскай інтэлігенцыі. У 1942 г. арыштавалі святароў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – пробашча кс. Вінцэнта Лабана і вікарыя кс. Люцыяна Мрачкоўскага. Праз некалькі дзён арыштавалі кс. Стэфана Снягоцкага, вікарыя лідскай фары. Затым былі зняволены і іншыя шэсць пастыраў, якія пазней сталі ахвярамі забойства.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by, і ўласнай інфармацыі
 

13 сакавіка 2021, 08:23