Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Брат Алаіз: моладзь смуткуе па сустрэчах у Тэзэ

Браты з Тэзэ адзначаюць, што маладыя людзі смуткуюць па сустрэчах у хрысціянскай супольнасці ў час, калі Францыя і іншыя еўрапейскія краіны ўвялі строгія санітарныя абмежаванні.

Брат Алаіз, прыёр супольнасці з Тэзэ, у інтэрв’ю тэлебачанню EWTN адзначыў, што пандэмія выклікала пэўныя цяжкасці ў прывычным функцыянаванні супольнасці, але адначасова дала братам больш часу для разважання і адноўлены позірк на крыніцу іх надзеі. Нагадаем, супольнаць у Тэзэ штогод прымала дзясяткі тысяч маладых людзей, якія дзяліліся сваім пошукам веры.

“Я думаю, як хрысціяне мы павінны ў гэты час вярнуцца да нашай веры і ўбачыць, што наша надзея – гэта надзея не толькі на тое, каб усё было лепш або прасцей, – адзначыў брат Алаіз. – Гэта надзея ў змёртвыхпаўстанне, якая сыходзіць з уваскрасення Езуса, адкрывае новы гарызонт, новую перспектыву незалежна ад усялякіх сітуацый, у тым ліку ў час пандэміі… Мы верым, што ёсць іншая перспектыва, дадзеная нам праз уваскрасенне Езуса”.

Прыёр Тэзэ падкрэсліў, што ва ўмовах пандэміі каронавірусу інтэрнэт дае магчымасць арганізоўваць сустрэчы з маладымі людзьмі, хоць гэта не можа замяніць асабістых сустрэч, тварам у твар. Як дадаў, восенню група братоў была накіравана ў прадмесці Парыжа, каб у гэты складаны час жыць у салідарнасці з маладымі людзьмі.

У інтэрв’ю брат Алаіз узгадвае таксама аўдыенцыю з Папам Францішкам, якая адбылася 25 сакавіка 2021 года. Прыёр Тэзэ распавёў Пантыфіку як супольнасць нясе сваё служэнне сярод моладзі ў час пандэміі і як яна жыве ў паўсюдным Касцёле.

Прыёр падкрэсліў значэнне для супольнасці супольнай малітвы, на якую браты збіраюцца тры разы ў дзень, а таксама малітвы рэфлексійнай, спяванай. Брат Алаіз паведаміў, што кожны дзень моліцца за ахвяр злоўжыванняў, ведаючы, што некаторыя члены яго супольнасці былі абвінавачаны ў злоўжываннях. У 2019 годзе брат Алаіз выдаў заяву, у якой паведамляў, што супольнасць атрымала пяць скаргаў адосна злоўжыванняў трох яе членаў, якія мелі месца паміж 50 і 80-мі гадамі. Два з іх памёрлі больш 15 гадоў таму. Брат Алаіз адзначыў, што адчувае сябе адказным за ўсіх маладых людзей, якія штогод прымаюцца ў Тэзэ. Паведаміў таксама пра ўвядзенне зменаў у фармацыю братоў і ўвядзенне навучання для валанцёраў.

“Мы павінны паглыбіць прыгажосць нашага абавязку жыць у цэлібаце, які базуецца не на тым, што мы любім менш, чым іншыя людзі, а на тым, што мы любім па-іншаму”, – дадаў прыёр экуменічнай супольнасці.

Брат Алаіз прызнаўся, што пандэмія ўскладняе планаванне будучыні, але ён мае надзею, што ў канцы 2021 года моладзь зможа сабрацца на еўрапейскай сустрэчы ў Турыне.
 

09 красавіка 2021, 09:11