Біскуп Алег Буткевіч. Фота catholicnews.by Біскуп Алег Буткевіч. Фота catholicnews.by 

Епіскапат Беларусі абраў новага старшыню

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч абраны новым старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (ККББ). Выбары прайшлі 14 красавіка 2021 г. на 80-м пленарным пасяджэнні біскупскай асамблеі.

Як паведамляецца на партале catholic.by, намеснікам старшыні абраны Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральным сакратаром – дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Алег Буткевіч – адзін з самых маладых біскупаў Беларусі. Ён нарадзіўся 18 сакавіка 1972 г. у Браславе (Віцебская вобласць). Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, а затым Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Святарскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 г. Быў вікарыем парафіі ў Наваполацку, пробашчам у Бешанковічах, Уле, Віцебску, дэканам дэканата Віцебск-Паўночны.

29 лістапада 2013 г. папа Францішак прызначыў кс. Буткевіча Біскупам Віцебскім. Сакру ён атрымаў 18 студзеня 2014 г.

Раней іерарх быў намеснікам старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
 

15 красавіка 2021, 10:37