У аўдыторыі Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Ілюстрацыйнае фота У аўдыторыі Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Ілюстрацыйнае фота 

Папскі ўніверсітэт развівае базу па абароне непаўналетніх

Цэнтр абароны непаўналетніх пры Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме пашырае сваю дзейнасць. Па рашэнні ўніверсітэцкіх уладаў, ён быў пераўтвораны ў Інстытут антрапалогіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Установа прапануе міждысцыплінарныя даследаванні ў галіне чалавечай годнасці і клопату пра найбольш уразлівыя групы. Яна стане адным з найбуйнейшых цэнтраў у свеце, які прапануе адукацыю ў галіне прафілактыкі сексуальных злоўжыванняў. Попыт на дадзены тып даследаванняў у свеце пастаянна расце. Афіцыйна Інстытут пачне працаваць з 1 верасня 2021 г.

Рэктар Папскага ўніверсітэта назваў рашэнне гістарычным. "Гэта трансфармацыя паглыбіць міждысцыплінарны аспект адукацыі і навуковых даследаванняў, што ўсе лічаць фундаментальным для вырашэння праблем, звязаных з злоўжываннямі і іх прадухіленнем", - напісаў кс. Нуну да Сілва Гансалвэс.

Новая ўстанова павінна стварыць інстытуцыянальную аснову для бягучай працы Цэнтра абароны непаўналетніх. Пры ёй будзе дзейнічаць факультэт, што дазволіць прызнаваць навуковыя ступені: бакалаўра па абароне непаўналетніх і доктара па антрапалогіі.

Абарона непаўналетніх ахвяр сексуальнага гвалту была асноўнай задачай Цэнтра з моманту яго стварэння ў 2012 г. у рамках Інстытута псіхалогіі Грыгарыянскага ўніверсітэта. Установа прапанавала не толькі навучанне, але і сродкі на даследаванні ў галіне прафілактыкі злоўжыванняў. З цягам часу Цэнтр стаў навуковым аўтарытэтам у гэтай галіне ва ўсім свеце. Менавіта цікавасць да яго працы прывяла да неабходнасці бягучых змен і пашырэння спектра навуковых даследаванняў.
 

28 красавіка 2021, 11:11