Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Разважанні сёлетняга Крыжовага Шляху нарадзіліся ў Zoom

Аўтары разважанняў цэнтральнага Крыжовага Шляху і малюнкаў, якія будуць яго суправаджаць, – падлеткі з рымскай парафіі св. Угандыйскіх Мучанікаў, група скаўтаў і дзеці з двух рымскіх дамоў апекі.

Набажэнства, якое ўзначаліць Пантыфік, пройдзе ў Вялікую пятніцу, як і ў мінулым годзе, на плошчы св. Пятра.

Сёлетнія медытацыі сваёй прастатой і спецыфікай кранаюць да глыбіні сэрца, яны з'яўляюцца выразам імкнення да больш справядлівага і шчаслівага свету для ўсіх.

Касцёл св. Угандыйскіх Мучанікаў, у раёне Ардэаціна, гэта першы асвячаны Янам Паўлам ІІ пасля яго ўступлення на Пасад св. Пятра рымскі храм. Гэта адбылося 26 красавіка 1980 г. Парафія вядомая актыўнай адукацыйнай і катэхетычнай дзейнасцю, сваім інклюзіўным падыходам да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дапамогай бедным. З 2007 г. пробашчам тут з'яўляецца кс. Луіджы Д'Эрыка.

У інтэрв'ю Vatican News cвятар адзначыў, што разважанні і малітвы нараджаліся падчас катэхез, якія праводзіліся ў Zoom у месяцы самаізаляцыі. Ён лічыць, што Папа пажадаў звярнуць увагу на маладзейшых, паколькі і яны сталі ахвярамі адзіноты. Усім вядома схільнасць маладых людзей праводзіць час са сваімі аднагодкамі і такім чынам развівацца – гэтай магчымасці іх пазбавіла пандэмія.

“Думаю, што Францішак адчуў праблему, якая існуе на сусветным узроўні: усё грамадства і ўся моладзь, хлопцы і дзяўчаты ў гэтым свеце вельмі пакутуюць. Яго ўвага скіравана на тое, каб быць побач з імі”, - лічыць кс. Д'Эрыка.
 

01 красавіка 2021, 14:00