СДМ у Панаме. Ілюстрацыйнае фота СДМ у Панаме. Ілюстрацыйнае фота 

СДМ у Лісабоне адкрыты для ўсіх маладых людзей

Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне, запланаваныя на лета 2023 г., будуць адкрыты для ўсіх маладых людзей, не толькі для католікаў. Пра гэта паведаміў біскуп Хасэ Арнэлас, старшыня епіскапату Партугаліі.

“Дні арганізуе Каталіцкі Касцёл па ініцыятыве Папы для моладзі. Мы вельмі хацелі б бачыць не толькі католікаў, але і іншых маладых людзей, бо менавіта так Касцёл выконвае сваю місію”, - адзначыў іерарх у размове з журналістамі ў Фаціме.

Падчас 200-й пленарнай асамблеі біскупскай канферэнцыі іерархі даведаліся пра стан падрыхтоўкі да СДМ, якія першапачаткова павінны былі адбыцца ў 2022 г., але былі перанесены на год з прычыны пандэміі. "Гэта было рэалістычным рашэннем", - адзначыў біскуп Арнэлас. Ён дадаў, што ўдзельнікам лісабонскага форуму трэба будзе прайсці вакцынацыю супраць COVID-19.

Сусветныя дні моладзі былі ініцыяваны Янам Паўлам II пасля поспеху рымскіх урачыстасцей Міжнароднага года моладзі ў 1985 г. Першы форум прайшоў у Рыме ў 1986 г., апошні – у Панаме ў 2019 г.
 

17 красавіка 2021, 12:17