Кс. Ганс Цольнэр Кс. Ганс Цольнэр 

Кс. Цольнэр: абарона непаўналетніх павінна быць у ДНК Касцёла

Пераўтварэнне Цэнтра абароны непаўналетніх пры Грыгарыянскім універсітэце ў Інстытут антрапалогіі мае дзве мэты: развіццё даследаванняў і пашырэнне барацьбы са злоўжываннямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб гэтым заявіў кс. Ганс Цольнэр, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і ранейшы дырэктар Цэнтра. Па яго словах, змены дазволяць бароцца з рознага роду злоўжываннямі з новай энергіяй і большай прыхільнасцю. "Мы зоймемся мноствам новых пытанняў, такіх як злоўжыванні, здзейсненыя падчас духоўнага кіравання і ў адносінах да законніц, і адказнасць манаскага кіраўніцтва ў выпадку злоўжыванняў, якія ўчыняюцца ў кангрэгацыях", - адзначыў эксперт.

“Як універсітэцкі інстытут, мы хочам развіваць даследаванні па канкрэтных тэмах, напрыклад, як рэлігія і навука могуць сумесна працаваць для пашырэння прафілактыкі злоўжыванняў. Мы прапануем праграму дыстанцыйнага навучання для многіх міжнародных устаноў, на англійскай і іспанскай мовах падрыхтаваны паўгадавыя курсы для людзей, якія працуюць у офісах дыяцэзій і манаскіх кангрэгацый. Мы таксама прапануем даследаванні для людзей, якія займаюцца праблемай злоўжыванняў у кангрэгацыях і епіскапатах”, - сказаў у інтэрв'ю Vatican News езуіт.

На яго думку, усё гэта робіць новы Інстытут інструментам значна больш эфектыўным і карысным ва ўстанаўленні новых стандартаў па абароне непаўналетніх у Касцёле. Акадэмічнае "абнаўленне" дазволіць больш шырока супрацоўнічаць з іншымі ВНУ. “Для нас самае галоўнае – паўплываць на змену мыслення, каб прадухіленне рознага роду злоўжыванняў апынулася назаўсёды ў ДНК Касцёла”, - прызнаўся кс. Цольнэр.
 

30 красавіка 2021, 11:10