Францішак з прэзідыумам італьянскага епіскапату Францішак з прэзідыумам італьянскага епіскапату 

Францішак адкрые пасяджэнне епіскапату Італіі

Папа адкрые 74-ю Генеральную асамблею Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Яна пачнецца 24 мая 2021 г. у гатэлі Ergife Palace ў Рыме. Пра гэта паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэма сустрэчы, якая будзе доўжыцца чатыры дні: "Абвяшчэнне Евангелля падчас адраджэння – пачатак сінадальнага падарожжа".

Можна чакаць, што ў сваёй інаўгурацыйнай прамове Папа выкажацца на тэму абвешчанага Пленарнага Сінода Каталіцкага Касцёла ў Італіі, які з'яўляецца ініцыятывай Францішка.

Тэмай форума будзе разважанне аб бягучай сітуацыі, якая патрабуе абвяшчэння Евангелля "ў сінадальным стылі". Асноўную прэзентацыю прапануе біскуп Франка Джуліа Брамбіла, Біскуп Новары і віцэ-старшыня італьянскай біскупскай канферэнцыі. Абмеркаванне ў групах і ў аўдыторыі дапаможа вызначыць асноўныя накірункі і метадалогію працы.

Акрамя таго, італьянскі епіскапат абярэ двух віцэ-старшынь (для паўночнай і цэнтральнай абласцей), членаў Савета па эканамічных пытаннях і старшынь епіскапальных камісій. Таксама біскупы прымуць рашэнні па юрыдычных і адміністрацыйных пытаннях.
 

21 мая 2021, 10:56