Германія: епіскапат супраць благаслаўлення гомасексуальных пар
У афіцыйнай заяве старшыня епіскапату біскуп Георг Бэтцынг адзначыў, што не лічыць такіх публічных акцый “шляхам наперад”. Імшы з благаслаўленнем маюць сваю тэалагічную годнасць і душпастырскае значэнне, яны не могуць быць інструментам палітычна-касцёльных дэманстрацый або пратэстных акцый.
“Безумоўна, гомасексуалісты, а таксама тыя, якія жывуць у партнёрскіх саюзах з асобамі таго ж полу, маюць сваё месца ў Касцёле”, - падкрэсліў біскуп Бэтцынг, нагадаўшы, што да паслугі Касцёла належыць душпастырскае суправаджэнне іх.
Іерарх нагадаў сваю пазіцыю адносна таго, якім чынам Касцёл павінен развіваць навучанне аб сексуальнай маралі, у тым ліку і адносна гомасексуалізму: толькі “абапіраючыся на асноўныя праўды веры і маральнасці, на прагрэсіўнае тэалагічнае разважанне”, будучы “адкрытымі на новыя вынікі гуманітарных навук і жыццёвыя сітуацыі сучасных людзей”.
Акцыя Любоў пераможа была ініцыявана трыма нямецкімі святарамі 15 сакавіка – у той самы дзень, калі Кангрэгацыя веравучэння абнародавала пазіцыю Касцёла адносна благаслаўлення гомасексуальных саюзаў. У дакуменце, выдадзеным са згоды Папы, між іншым, адзначаецца, што “нельга ўдзяляць благаслаўленні саюзам, таксама пастаянным партнёрскім саюзам, якія прадугледжваюць практыкаванне сексуальнасці па-за сужэнствам (гэта значыць па-за непарушным саюзам мужчыны і жанчыны, які сам па сабе адкрыты на перадаванне жыцця), што мае месца ў выпадку саюзаў паміж асобамі аднаго полу”.
У знак пратэсту больш за 2 тыс. нямецкіх пробашчаў, дыяканаў і душпастырскіх асістэнтаў адказалі пазітыўна на запрашэнне трох святароў, арганізоўваючы і запрашаючы іншае духавенства да арганізацыі на ўсёй тэрыторыі Германіі набажэнстваў з благаслаўленнем “усіх закаханых пар”. Гэтае пытанне таксама будзе тэмай дыскусіі ў межах так званага “сінадальнага шляху” Касцёла ў Германіі.